Літургічныя тэксты

для беларускамоўнага багаслужэння

Апостальскае чытанне 2-й Нядзелі Вялікага посту і свц. Грыгорыю Паламе

(Яўр., 304 зач., I, 10 – II, 3; Яўр., 318 зач., VІI, 26 – VIII, 2)

Пасля Трысвятога.

Дыякан: Будзем уважлівымі!

Свяшчэннік: Мір усім.

Чытач:  І духу твайму.

Дыякан: Прамудрасць!

Чытач: Пракімен, глас 5-ты: Ты, Госпадзі, захаваеш нас і зберажэш нас ад роду гэтага і навек.

Хор: Ты, Госпадзі, захаваеш нас і зберажэш нас ад роду гэтага і навек.

Верш: Спасі мяне, Госпадзі, бо не засталося праведных.

Хор: Ты, Госпадзі, захаваеш нас і зберажэш нас ад роду гэтага і навек.

Чытач: Пракімен, гл. 1-шы: Вусны мае прамовяць прамудрасць, і разважанні сэрца майго – разуменне.

Хор: Вусны мае прамовяць прамудрасць, і разважанні сэрца майго – разуменне.

Дыякан: Прамудрасць!

Чытач: Да Яўрэяў Паслання святога апостала Паўла чытанне.

Дыякан: Будзем уважлівымі!

Чытач:  “У пачатку Ты, Госпадзі, заснаваў зямлю, і нябёсы — справа рук Тваіх; яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе, як адзежа, састарацца, і, як вопратку, згорнеш іх, і яны зменяцца; а Ты — той самы, і гады Твае не скончацца”. Каму з ангелаў сказаў калі-небудзь Бог: “сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх”? Хіба не ўсе яны — службовыя духі, пасланыя на служэнне дзеля тых, якія маюць унаследаваць спасенне? Таму мы павінны быць асабліва ўважлівымі да пачатага, каб не адпасці. Бо, калі праз ангелаў прамоўленае слова было непарушным і ўсякае парушэнне і непаслушэнства вялі да справядлівай адплаты, то як пазбегнем яе мы, не дбаючы пра такую веліч — спасенне, якое, будучы спачатку абвешчана Госпадам, ў нас было ўмацавана тымі, хто чуў гэта?

Браты, такі і патрэбен нам быў Першасвяшчэннік: святы, нявінны, беззаганны, аддзелены ад грэшнікаў і ўзнесены вышэй за нябёсы, Які не мае патрэбы, як тыя першасвяшчэннікі, прыносіць штодзень ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа; бо Ён гэта зрабіў раз назаўсёды, калі прынёс у ахвяру Самога Сябе.  Бо закон ставіць першасвяшчэннікамі людзей, падеглых слабасцям; а слова клятвы, якая была пасля закона, паставіла Сына, навек дасканалага. А ў тым, пра што гаворым, вось галоўнае: мы маем такога Першасвяшчэнніка, Які сеў праваруч прастола велічы на нябёсах як служыцель свяцілішча і скініі ісціннай, якую збудаваў Гасподзь, а не чалавек.

Іерэй: Мір табе.

Чытач: І духу твайму. Алілуія, алілуія, алілуія, глас 6-ты: Той, хто жыве з дапамогаю Усявышняга, пад покрывам Бога Нябеснага знаходзіцца будзе.

Хор: Алілуія (тройчы).

Чытач: Ён скажа Госпаду: Ты Заступнік мой і Прытулак мой, Бог мой, на Якога я спадзяюся.

Хор: Алілуія (тройчы).

Чытач: Вусны праведнага прамаўляюць прамудрасць, і язык яго выказвае праўду.

Хор: Алілуія (тройчы).

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Copyright © 2019 Літургічныя тэксты