Літургічныя тэксты

для беларускамоўнага багаслужэння

Боская Літургія на Вялікдзень. Служэбнік (Пасха і Светлы тыдзень, тэкст. Альтэрнатыўная версія)

Светлае Хрыстовае Уваскрэсенне
Боская літургія
святога Яна Златавуста

Літургія аглашэнных

Дыякан: Дабраславі, уладыка!

Святар: Дабраславёна Царства Айца, і Сына, і Святога Духа цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

І прадстаяцель з тымі, хто ў алтары, спявае:

Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў(тройчы).

Хор (народ) паўтарае тое ж (тройчы).

Прадстаяцель прамаўляе вершы:

Верш 1:Хай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі яго, хай бягуць ад Аблічча Яго ўсе ненавіснікі Яго.

Хор:Хрыстос уваскрос… (1 раз)

Верш 2:Як знікае дым, хай знікнуць, / як тае воскад агню.

Верш 3:Дык хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узвесяляцца, узрадуюцца перад Богам

Хор:Хрыстос уваскрос… (1 раз)

Верш 4:Гэта дзень, які стварыў Гасподзь, узрадуемся і ўзвесялімся ў ім.

Хор:Хрыстос уваскрос… (1 раз)

Святар:Слава Айцу і Сыну і Святому Духу.

Хор:Хрыстос уваскрос… (1 раз)

Святар:І цяпер, і заўсёды, і навекі вякоў, амінь.

Хор:Хрыстос уваскрос… (1 раз)

Святар:Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў…

Хор:І тым, хто ў магілах, жыццё дараваў.

Вялікая (мірная) екцення

Святар: У міры Госпаду памолімся.

Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе, памілуй.

За мір з вышы́нь і збаўленне душ нашых Госпаду памолімся

За мір па ўсім свеце, добры стан святых Божых Цэркваў і з’ядна́нне ўсіх Госпаду памолімся.

За святы храм гэты і за тых, што з вераю, пашанай і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.

За вялікага Айца нашага Свяцейшага Патрыярха [імя], і за Спадара нашага Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага [імя], Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, за шаноўных прэсвітараў, дыяканаў, увесь клір і народ, Госпаду памолімся

За Богам сцеражоную краіну нашу, пабожны народ, усё кіраўніцтва, ўлады і войска, Госпаду памолімся.

За горад гэты (вёску гэтую), усе гарады і краіны, і за тых, што вераю жывуць у іх, Госпаду памолімся.

За спрыяльнае надвор’е, за багаты ўраджай пладоў зямных і часы́ мірныя Госпаду памолімся.

За падарожных на моры, зямлі і паветры, хворых, тых, што пакутуюць, зняволеных і за выбаўленне іх Госпаду памолімся.

Каб пазба́віцца нам ад усякага гора, пакут, нядолі і няста́чы, Госпаду памолімся.

Заступіся, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Прасвятую, Усячыстую, Найдабра­славёную Уладарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва 1-га антыфона

Святар: Госпадзе Божа наш, Твая ўлада недасяжная, слава неспасціжная, міласць невымерная і чалавекалюбства невымоўнае! Ты, Уладару, па міласэрнасці Тваёй, спаглянь на нас і на святы храм гэты, і ствары з намі і тымі, хто разам моліцца, багатую Сваю міласць і спагаду.

Голасна: Бо нале́жыць Табе ўсякая слава, гонар і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Антыфон 1-шы

Хор:Усклікніце Госпаду ўсёй зямлёй, апявайце імя яго, дадзіце славу хвале Яго

Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.

Скажыце Богу: які страшны Ты ў справах Тваіх, па мноству сілы Тваёй пакорацца Табе ворагі Твае.

Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.

Уся зямля няхай паклоніцца Табе і апявае Цябе, няхай апявае імя Тваё, Усявышні.

Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.

Слава Айцу і Сыну і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і навекі вякоў. Амінь.

Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас.

Малая екцення

Дыякан:Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.

Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе, памілуй.

Заступіся, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Прасвятую, Усячыстую, Найдабра­славёную Уладарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва 2-га антыфона

Святар: Госпадзе, Божа наш, збаў людзей Тваіх і дабраславі спадчыну Тваю, захаваў паўнату Царквы Тваёй, асвяці тых, хто любіць красу дома Твайго, услаў жа іх Боскаю Тваёй сілаю, і не пакінь нас, якія спадзяемся на Цябе!

Голасна: Бо Твая ўлада, і Тваё Царства і сіла, і слава – Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Антыфон 2-гі

Хор:Божа, будзь міласцівы да нас і дабраславі нас, прасвятлі Аблічча Тваё да нас і памілуй нас.

Збаў нас, Сыне Божы, Ты ўваскрэс з мёртвых, мы пяём Табе: Алілуія

Каб пазналі мы на зямлі шлях Твой, ва ўсіх народах збаўленне Тваё.

Збаў нас, Сыне Божы…

Няхай усхваляць Цябе народы, Божа, няхай усхваляць Цябе народы ўсе.

Збаў нас, Сыне Божы…

Слава Айцу і Сыну і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і навекі вякоў, Амінь.

Песнь Госпаду Ісусу Хрысту

Адзінародны Сы́не і Слова Божае, несмяротны Ты, і пажада́ў дзеля нашага спасення прыня́ць плоць ад Святой Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, і, не змяніўшыся, стаў чалавекам; і распя́ты Ты быў, Хрысце́ Божа, і смерцю смерць патапта́ў, Ты адзін са Святой Троіцы, праслаўля́емы разам з Айцом і Святым Духам, спасі нас.

Малая екцення

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.

Хор [на кожнае прашэнне]:Госпадзе памілуй.

Заступіся, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Прасвятую, Усячыстую, Найдабра­славёную Уладарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва 3-га антыфона

Святар: Ты дараваў нам гэтыя супольны і згодныя малітвы і паабяцаў выканаць просьбы дваіх ці траіх, якія моляцца ў згодзе дзеля імя Твайго, Ты і цяпер споўні прашэнні слуг тваіх, якія на карысць, у цяперашнім веку ведучы нас ў спазнанне Тваёй ісціны, а ў будучым даруючы жыццё вечнае.

Голасна: Бо Ты добры ічалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Хор: Амінь.

Антыфон 3-ці, Блажэнны

Кананарх: Хай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі яго.

Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў (1 раз)

Кананарх: Хай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі яго, / і хай уцякуць ад Аблічча Яго усе ненавіснікі Яго.

Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў.(1 раз)

Кананарх: Хай знікнуць, як знікае дым, / як тае воск ад агню.

Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў.(1 раз)

Кананарх: Хай знікнуць грэшнікі ад Аблічча Божага,/ а праведнікі хай узвесяляцца, узвесяляцца перад Богам.

Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў.(1 раз)

Малы ўваход з Евангеллем

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе памілуй.

Падчас спеву антыфону святарі дыякан робяць уваход з Евангеллем. Стаўшы перад Царскімі варотамі, святармоліцца ціха:

Уладару Госпадзе, Божа наш, які на нябёсах чыны і войска ангелаў і архангелаў паставіў на служэнне славе Тваёй, учыні з уваходам нашым уваход святых ангелаў, каб яны разам з намі служылі і славілі Тваю добрасць.

Бо належыць Табе ўсякая слава, гонар і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Хор: Амінь.

Дыякан: Дабраславі, уладыка, святы ўваход!

Дыякан, узняўшы Евангелле, кажа ўголас:

Мудрасць! Станем прама!

Святар, дабраслаўляя, прамаўляе:У цэрквах дабраслаўляцеБога Госпада, ад вытокаў Ізраіля. (Пс. 67:27)

Святар з дыяканам уваходзяць у алтар, а людзі пяюць:

Уваходнае

Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў.(1 раз)

Іпакоі, тон 4:

Перадсвітаннем жанчыны разам з Марыяй, / ад магілы камень знайшлі адваленым, / і пачулі ад Ангела: у святле Вечнаісным Існага / што сярод мёртвых шукаеце, нібы чалавека? / Вось глядзіце – пахавальныя покрывы, дык ідзіце і свету абвяшчайце, / што абудзіўся Госпад, смерць змярцвіўшы, / бо Ён Сын Божы, які збаўляе род людскі.

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў, Амінь.

Кандак, тон 8:

Хай і ў магілу Ты сыйшоў, Несмяротны, / але знішчыў моц пекла / і ўваскрэс, як Пераможца, Хрысце Божа, / жанчынам-міраносіцам кажучы: ра́дуйцеся! / і Сваім апосталам даючы мір, / паўшым Ты даеш уваскрэсенне.

Малітва перад спевам Трысвятога

Святар:Божа, Святы, Ты між святых спачываеш, Цябе трысвятым голасам серафімы апяваюць і херувімы ўсхваляюць, Табе ўсе нябесныя сілы пакланяюцца. Ты прывёў сусвет з нябыту ў быццё, Ты стварыў чалавека на вобраз Свой і падабенства Сваё, і ўсімі Сваімі дарамі яго аздобіў. Тым, хто просіць, Ты даеш мудрасць і розум, і не зважаеш на грахі, але пакаянне прызначыў на збаўленне, Ты нас, упакораных і нягодных слуг Тваіх, зрабіў годнымі і ў гадзіну гэтую стаяць перад славаю святога Твайго ахвярніка, і належнае пакланенне і ўсхваленне прыносіць. Сам, Уладару, прымі і ад нашых грэшных вуснаў трысвяты спеў, і наведай нас ў цноце Тваёй. Выбач нам усякую правіну, свядомую ж і несвядомую, асвяці нашы душы і целы, і дай нам у пабожнасці служыць Табе ва ўсе дні жыцця нашага, малітвамі святой Багародзіцы і ўсіх святых, якія спрадвеку табе дагадзілі.

Дыякан: Дабраславі, уладару, час Трысвятога.

Святар голасна: Бо Святы Ты, Божа наш, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёдыі на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Замест Трысвятога:

Хор: Усе вы, хто ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуія.(тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.

У Хрыста апрануліся. Алілуія.

Усе вы, хто ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуія

Падчас спеву святар і дыякан самі чытаюць «Усе вы…», робячы тры паклоны перад св. прастолам.

Затым дыякан звяртаецца да святара:

Загадай,уладыка!

І адыходзяць да вышняга месца. Святар пры гэтым прамаўляе: Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!

Дыякан: Дабраславі, уладыка, узвышні пасад!

Святар [дабраслаўляя горняе месца]: Дабраславёны Ты на пасадзе славы Царства Твайго, Які сядзіш на херувімах, заўжды, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амінь.

Дыякан: Увага!

Дабраславі, уладыка, кадзіла.

Святар:Дабраславёны Бог наш, заўжды, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амінь. Кадзіла Табе прыносім, Хрысце, Божа наш, як пах водару духмяны, прымі яго ў нябесны свой ахвярнік, а нам спашлі ласку Усесвятога Твайго Духа. Амінь.

Мір усім.

Чытач: І духу твайму.

Дыякан: Прамудрасць!

Чытач прамаўляе пракімен:

Пракімен, тон 8: Гэты дзень, які стварыў Гасподзь, узрадуемся і ўзвесялімся ў ім!

Хор: Гэты дзень, які стварыў Гасподзь, узрадуемся і ўзвесялімся ў ім!

Чытач (верш): Вызнавайце Госпада, бо Ён – дабро, бо навекі літасць Яго. (Пс 135:1)

Хор: Гэты дзень, які стварыў Гасподзь, узрадуемся і ўзвесялімся ў ім!

Чытач: Гэты дзень, які стварыў Гасподзь…

Хор: узрадуемся і ўзвесялімся ў ім!

Пракімны на Літургіі на Светлым тыдні:

У Светлы Панядзелак:

Пракімен, тон 8: Па ўсёй зямлі пройдзе вестка іх, і да канцоў сусвету словы іх.

Верш: Нябёсы апавядаюць пра славу Божую, а цвярдыня абвяшчае пра стварэнне рук Яго.

У Светлы Аўторак:

Пракімен, тон 3, песня Багародзіцы:Узвялічвае душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім.

Верш:Што спаглянуў Ён на пакору Рабы Сваёй; бо адгэтуль будуць хваліць Мянеўсе роды.

У Светлую Сераду:

Пракімен, тон 6: Зраблю памятным імя Тваё з роду ў род.

Верш: Слухай, Дачка, і глядзі, і прыхілі вуха Сваё.

У Светлы Чацвер:

Пракімен, тон 3: Спявайма Богу нашаму, спявайма, спявайма Цару нашаму, спявайма.

Верш: Усе народы біце ў ладкі, усклікніце Богу воклічам радасці.

У Светлую Пятніцу:

Пракімен, тон 8: Па ўсёй зямлі пройдзе вестка іх, і да канцоў сусвету словы іх.

Верш: Нябёсы апавядаюць пра славу Божую, а цвярдыня абвяшчае пра стварэнне рук Яго.

У Светлую Суботу:

Пракімен, тон 3: Госпад прасвятленне маё ды Збаўца мой, каго я збаюся?

Верш: Госпад абаронца жыцця майго, хто мне страшны?

Дыякан: Мудрасць!

Чытач чытае зачала з Апостала:Дзеяў апостальскіх чытанне(назва Апостальскага чытання).

Дыякан: Будзем ува́жлівымі!

Чытанне Апостала

Усам дзень Вялікадня,зачала 1:

1Пе́ршую кнігу, Фео́філе, напіса́ў я пра ўсё, што Іісус рабíў і чаму вучы́ў

2 ад пача́тку да таго́ дня, калі Ён ўзнёсся, да́ўшы праз Духа Свято́га настаўле́нні Апо́сталам, якіх Ён абра́ў,

3 пе́рад якíмі Ён і пасля́ паку́т Сваіх паказа́ў Сябе́ жывы́м у шматлíкіх до́казах, на праця́гу сарака́ дзён яўля́ючыся ім і гаво́рачы пра Царства Бо́жае;

4 і, сабра́ўшы іх, Ён загада́ў ім: з Іерусалíма не адлуча́йцеся, а чака́йце абяца́нага Айцо́м, пра што вы чу́лі ад Мяне́;

5 бо Іаа́н хрысцíў вадо́ю, а вы бу́дзеце хры́шчаны Ду́хам Святы́м праз не́калькі дзён.

6 Таму́ яны, сышо́ўшыся, пыта́ліся ў Яго́, ка́жучы: Го́спадзі, ці не ў гэты час аднаўля́еш Ты ца́рства Ізра́ілю́

7 Ён жа сказа́ў ім: не ва́ша спра́ва ве́даць часы́ і тэ́рміны, якíя Айце́ц устанавíў Сваёю ўла́даю;

8 але вы атрыма́еце сілу, калі сы́дзе Святы́ Дух на вас, і бу́дзеце Мне све́дкамі ў Іерусалíме, і ва ўсёй Іудзе́і і Самары́і, і аж да кра́ю зямлі.(Дзеі Апосталаў 1:1-8)

У Светлы Панядзелак: Дзеі Апосталаў, зачала 2.

У Светлы Аўторак: Дзеі Апосталаў, зач. 4.

У Светлую Сераду: Дзеі Апосталаў, зач. 5.

У Светлы Чацвер: Дзеі Апосталаў, зач. 6.

У Светлую Пятніцу: Дзеі Апост., зач. 7. ІБагародзіцы, да філіпійцаў, зач. 240.

У Светлую Суботу: Дзеі Апосталаў, зач. 8.

Святар: Мір табе, чытар!

Чытач: І духу твайму. Алілуія, тон 4.

Хор: Алілуя (тройчы).

Чытач (верш): Ты, Госпадзе ўваскрэс, злітуешся над Сіёнам.

Хор: Алілуя (тройчы).

Чытач (верш):Госпад с нябёс на землю спаглянуў.

[У Светлы Панядзелак:

Алілуя, тон 1:Вызнаюць Нябёсы цудадзействы Твае, Госпадзе.

Верш: Бога ўслаўляюць у саборы святых.

У Светлы Аўторак:

Алілуя, тон 8: Уваскрэсні, Госпадзе, у спакой Твой, Ты і ківот святыні Тваёй.

Верш: Пакляўся Госпад Давілу ў ісціне, і не адступіцца ад яе.

У Светлую Сераду:

Алілуя, тон 2: Узвялічвае душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім.

Верш: Што спаглянуў Ён на пакору Рабы Сваёй; бо адгэтуль будуць хваліць Мянеўсе роды.

У Светлы Чацвер:

Алілуя, тон 4:Паспяшай, усядзь на калясніцу, і царуй дзеля ісціны, лагоднасці і праўды.

Верш: Палюбіў Ты праўду і ўзненавідзеў Ты беззаконне.

У Светлую Пятніцу:

Алілуя, тон 1:Вызнаюць Нябёсы цудадзействы Твае, Госпадзе.

Верш: Бога ўслаўляюць у саборы святых. Верш: Слухай, Дачка, і глядзі, і прыхілі вуха Сваё.

У Светлую Суботу:

Алілуя, тон 5: Гасподзь царуе прыгожа ўбраны.

Верш: Бо сцвердзіў сусвет, і ён не зрушыцца.]

Малітва перад чытаннем Евангелля

Дыякан кадзіць царкву, а святар моліцца:

Запалі ў сэрцах нашых, чалавекалюбны Уладару, беззаганнае святло Твайго богапазнання, і вочы розуму нашага адкрый да разумення Твайго евангельскага казання. Укладзі ў нас таксама страх да дабрашчасных тваіх запаведзяў, каб мы ўсе пажады плоці растаптаўшы, духоўнае жыццё праводзілі, а таксама імкнуліся да ўсяго і рабілі ўсё, што табе даспадобы. Бо ты асвета душаў і целаў нашых, Хрысце Божа, і Табе славу ўзносім, з беспачатным Тваім Айцом і ўсесвятым і добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амінь.

Скончыўшы, святар дае кнігу Евангелля дыякану, які становіцца перад іканастасам.

Дыякан: Дабраславі, уладыка, дабравесце святога і хвальнага Твайго апостала і дабравесніка (імя евангеліста).

Святар (дабраслаўляючы): Бог, па малітвах святога, хвальнага апостала і дабравесніка (імя), няхай дасць табе слова дабравесціць з сілаю вялікаю, для спаўненне Дабравесця любага Сына Свайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Дыякан: Амінь.

Святар: Мудрасць! Станьце прама! Вы́слухаем Святое Дабравесце! Мір усім.

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Чытанне святога Дабравесця паводле Яна.

Хор: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Святар:Увага!

Чытанне Евангелля

І чытаецца Евангелле.

У дзень Пасхі: зачала 1

1У пачатку было́ Слова, і Слова было́ ў Бога, і Богам было́ Слова.

2 Яно было ў пачатку ў Бога;

3 усё праз Яго пачало́ быць, і без Яго нішто не пачало́ быць, што пачало́ быць.

4 У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзе́й;

5 і святло ў це́мры све́ціць, і це́мра не агарну́ла яго.

6 Быў чалавек, пасла́ны ад Бога; імя́ яму Іаан;

7 ён прыйшоў для све́дчання, каб све́дчыць пра Святло, каб усе ўве́равалі праз яго.

8 Ён не быў святлом, але прыйшоў, каб све́дчыць пра Святло;

9 было́ Святло íсціннае, Якое прасвятля́е ўсякага чалавека, што прыхо́дзіць у свет;

10 у свеце быў, і свет праз Яго пача́ў быць, і свет Яго не пазнаў;

11 да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялí.

12 А тым, што прынялí Яго, даў ула́ду стаць дзе́цьмі Божымі, тым, што ве́руюць у імя́ Яго,

13 якія не ад крывí, і не ад жада́ння пло́ці, і не ад жада́ння му́жа, а ад Бога нарадзíліся.

14І Слова стала пло́ццю, і жыло́ сярод нас, і мы ба́чылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благада́ці і íсціны.

15 Іаан све́дчыць пра Яго і, ўскліка́ючы, гаворыць: гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў;

16і ад паўнаты́ Яго мы ўсе прынялí і благада́ць на благада́ць;

17бо закон праз Маісея да́дзены, а благада́ць і íсціна праз Іісуса Хрыста ста́ліся.(Ян 1:1–17)

[У Светлы панядзелак:Ян. 2 зач., I, 18-28.

У Светлы аўторак:Лк, 113 зач. XXIV, 12-35

У Светлую Сераду:Ян. 4 зач., I, 35-51.

У Светлы Чацвер:Ян., 8 зач., III, 1-15.

У Светлую Пятніцу:Ян, 7 зач, ІІ, 12-22, Багародзіцы: Лк., 54 зач., Х, 38-42, ХІ, 27-28

У Светлую Суботу:Ян., 11 зач., III, 22-33]

Па заканчэнні чытання:

Хор: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Святар: Мір табе, дабравеснік!

Хор: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Сугубая екцення

Дыякан: Скажам усе ад усяе душы і ад усяго разуме́ння нашага скажам.

Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе памілуй.

Госпадзе Уседзяржы́целю, Божа айцоў нашых, молімся Табе, вы́слухай і памілуй.

Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй молімся Табе, вы́слухай і памілуй.

Яшчэ молімся за вялікага Спадара́ і айца нашага Свяцейшага патрыярха [імя] і за Экзарха яго Спадара́ нашага Высокапраасвяшчэ́ннейшага мітрапаліта [Паўла] [і за Спадара нашага (Высока)­праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], і за ўсю ў Хрысце́ бра́цію нашу.

Яшчэ молімся за Богам сцеражоную краіну нашу, ула́ды і воінства яе, каб нам ве́сці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набо́жнасцю і годнасцю.

Яшчэ молімся за братоў нашых святараў, іераманахаў і за ўсё ў Хрысце́ брацтва наша.

Яшчэ молімся за блажэнных і заўсёды па́мятных свяцейшых патрыярхаў праваслаўных і за заснава́льнікаў гэтага святога храма і за ўсіх ужо спачы́лых айцвоў і братоў, што тут ляжаць і ўсюды, праваслаўных.

Тут устаўляюцца прашэнні на розныя патрэбы, найчасцей наступнае:

Яшчэ молімся Табе, Госпаду Богу нашаму, пачуй голас малення нашага і малітву і памілуй рабоў Тваіх: (імёны), ласкаю і шчодрасцямі Тваімі, і задаволь усе прашэ́нні іх і прабач ім усе правіны вольныя і міжвольныя: няхай добра будуць прыня́тыя малітвы і мнласціны іх перад прастолам Уладарства Твайго, і абаранн іх ад ворагаў бачных і нябачных, ад усяля́кай напа́сці, бяды́ і го́расці, і хвароб збаў і пада́й здароўе з даўгалеццем, скажам усе: Госпадзе, вы́слухай і памілуй.

Яшчэ молімся за ахвярада́ўцаў і дабрачы́нцаў у святым і ўсячэ́сным храме гэтым, за тых, што тут спяваюць, працаўнікоў і за ўсіх прысу́тных тут людзей, што чака́юць ад Цябе вялікае і багатае міласці.

Малітва ўзмоцненага малення

Святар: Госпадзе Божа наш, прымі шчырыя малітвы слуг Тваіх і змілуйся над намі паводле велічы Тваёй міласэрнасці; пашлі даброты Твае на нас і на ўсіх людзей Тваіх, якія чакаюць ад Цябе багацця Твайго змілавання.

Голасна: Бо Ты міласцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

ЛІТУРГІЯ ВЕРНЫХ

Дыякан:Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Дыякан: Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Дыякан: Прамудрасць.

Малітва верных 1-я

Святар: Дзякуем Табе, Госпадзе Божа сіл, што Ты дазволіў нам стаць у гэтую хвіліну перад Тваім святым ахвярнікам і прыпасці да Тваёй міласэрнасці, молячыся за людскія правіны. Прымі, Божа, нашы маленні і зрабі нас дастойнымі прыносіць Табе малітвы, просьбы і ахвяры бяскроўныя за ўсіх людзей; сілаю Святога Твайго Духа дай, каб мы, якіх Ты паклікаў на гэтую Тваю службу, маглі без асуджэння і бездакорна, з чыстым сведчаннем нашага сумлення, клікаць Цябе ў кожную хвіліну і на кожным месцы. Ты ж, выслухаўшы нас, будзь спагадлівы да нас дзеля Тваёй бязмежнай дабрыні.

Голасна: Бо належыць Табе ўсялякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Малітва верных 2-я

Дыякан: Яшчэ Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Дыякан: Прамудрасць.

Святар: Яшчэ і шматразова прыходзім да Цябе і молімся Табе, добры Чалавекалюбча, каб Ты, выслухаўшы ласкава нашы просьбы, ачысціў нашы душы і целы ад усякай нячыстасці цялеснай і душэўнай, і даў нам без асуджэння стаць перад Тваім святым ахвярнікам. Дай, Божа, і тым, што моляцца разам з намі, поспех у жыцці і веры, і ў разуменні духоўных рэчаў; дай ім, якія са страхам і любоўю служаць Табе, прыняць без віны і асуджэння святыя Твае Тайны і быць дастойнымі Твайго нябеснага валадарства.

Голасна: Каб мы, пад уладаю Тваёю заўжды ахаваныя, Табе славу ўзносілі – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Херувімская песня

Мы, Херувімаў тайна яўляючы і Жыватворчай Троіцы трысвятую песню спяваючы, усякі цяпер адкладзем жыццёвы клопат.

Малітва Херувімскай песні

Святар: Ніхто, звязаны цялеснымі пажаданнямі і ўцехамі, не дастойны прыбліжацца да Цябе і служыць Табе, Уладару славы; бо служыць Табе – нешта вялікае і страшнае нават для саміх анёльскіх сілаў. Нягледзячы, аднак, на гэта, дзеля невыказнага і бязмежнага Твайго чалавекалюбства, Ты, не зазнаўшы ніякай змены ці парушэння Тваёй Боскай прыроды, стаў чалавекам і быў нам Найвышэйшым Святаром і, будучы Ўладаром усіх, даручыў нам святарскае выкананне гэтай службы і бяскроўнай ахвяры. Ты адзін, Госпадзе, валодаеш усім на небе і на зямлі; Цябе, Уладара Серафімаў і Цара Ізраільскага, носяць на Херувімскім пасадзе. Ты адзіны святы і сярод святых спачываеш. Табе малюся, адзінаму добраму і заўсёды гатоваму ласкава выслухаць мяне: глянь на мяне, грэшнага і нягоднага слугу Твайго, і ачысці маю душу і сэрца ад благога сумлення; сілаю Святога Твайго Духа – паколькі я апрануты ў ласку святарства, – зрабі мяне дастойным стаць перад Тваім святым ахвярнікам і прыносіць Тваё святое і ўсячыстае Цела і пачэсную Кроў. Да Цябе прыходжу, схіліўшы голаў, і малюся Табе: не адвярні Твару Твайго святога ад мяне і не адлучы мяне ад дзяцей Тваіх, але дазволь, каб я, Твой грэшны і нягодны слуга, прынёс Табе гэтыя дары. Бо Ты сам Той, хто ахвяруе і каго ахвяруюць, і хто прымае і каго раздаюць, Хрысце Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амінь.

Скончыўшы, святар і дыякан робяць Вялікі ўваход з дарамі, прыгатаванымі да асвячэння.

Вялікі ўваход

Дыякан: Вялікага Спадара і айца нашага [імя], Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, і Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага [імя], Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, няхай памяне Гасподзь Бог у Царстве Сваім, заўжды, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Таксама святар: Праасвяшчэнных мітрапалітаў, архіепіскапаў і епіскапаў, і ўвесь свяшчэнніцкі і манашаскі чын, і прычт царкоўны, брацію святога храма гэтага, вас і ўсіх праваслаўных хрысціян няхай памяне Гасподзь Бог у Царстве Сваім, заўжды, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Каб Цара ўсіх мы прынялі, Якога нябачна суправаджаюць ангельскія чыны. Алілуія, алілуія, алілуія.

Святар і дыякан уваходзяць у алтар. Калі людзі скончаць спяваць, дыякан, узяўшы дабраславенне ў святара, выходзіць з алтара і пачынае малітву:

Прасіцельная екцення

[Дыякан]: Дапоўнім малітву нашу Госпаду.

За ўскладзеныя Пачэсныя Дары Госпаду памолімся.

Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе, памілуй.

За святы храм гэты і за тых, што з вераю, пабожнасцю і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.

Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.

Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Каб увесь дзень быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.

Ангела міру, вернага настаўніка, ахоўніка душ і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэння і адпушчэння грахоў і правіннасцей нашых у Госпада просім.

Добрага і карыснага душам нашым і міру для свету ў Госпада просім.

Астатні час жыцця нашага ў міры і пакаянні правесці ў Госпада просім.

Хрысціянскага сканчэння жыцця нашага, бязбольнага, непасаромленага, мірнага, і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.

Прасвятую, Прачыстую, Найдабра­славёную, Слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва Прынашэння

Святар: Усемагутны Госпадзе Божа, адзіны святы, які прымаеш ахвяру малітвы ад тых, што ад усяго сэрца клічуць Цябе: прымі малітвы і нас грэшных, занясі іх да Твайго святога ахвярніка і зрабі нас здольнымі прыносіць Табе дары і ахвяры духоўныя за нашы грахі і людскія правіны. Дай нам знайсці ласку перад Табою, каб гэтая наша ахвяра была прыемная Табе, і каб добры Дух Тваёй ласкі спачыў на нас, на гэтых вось дарах і на ўсіх людзях Тваіх.

Голасна: Шчодрасцямі Адзінароднага Сына Твайго, з Якім дабраславёны Ты з Прасвятым, і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Святар: Мір усім!

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Узлюбім адзін аднаго, каб у аднадумнасці вызнаваць.

Хор: Айца, і Сына, і Святога Духа – Троіцу Адзінасутную і Нераздзельную.

Дыякан: Дзверы, дзверы! Да прамудрасці будзем уважлівымі.

Сімвал веры

Хор: Верую / ў адзiнага Бога Айца, Уседзяржыцеля,/ Тварца неба i зямлi, усяго бачнага і нябачнага./ I ў адзiнага Госпада Iiсуса Хрыста, Сына Божага,/ адзiнароднага, ад Айца народжанага перад усiмi вякамi;/ Святло ад Святла, Бога iсцiннага ад Бога iсцiннага,/ народжанага, не створанага, адзiнасутнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася./ Якi дзеля нас, людзей, i дзеля нашага спасення сышоў з нябёс / i ўцялеснiўся ад Духа Святога i Дзевы Марыi, i стаў чалавекам./ Быў распяты за нас пры Понцii Пiлаце,/ i пакутаваў, i быў пахаваны. I ўваскрэс у трэцi дзень згодна з Пісаннем./ I ўзышоў на нябёсы, i сядзiць праваруч Айца./ I зноў прыйдзе ў славе судзiць жывых i мёртвых, i Яго Царству не будзе канца./ I ў Духа Святога, Госпада, Жыватворчага, што ад Айца зыходзiць,/ што з Айцом i Сынам разам пакланяемы i славiмы, што гаварыў праз прарокаў./ У адзiную Святую Саборную i Апостальскую Царкву./ Вызнаю адно хрышчэнне для адпушчэння грахоў./ Чакаю ўваскрасення мёртвых / i жыцця будучага веку. Амiнь.

Дыякан: Станем добра, станем са страхам, будзем уважлівымі, каб святое прынашэнне ў міры прыносіць.

Хор: Міласць міру, ахвяру хвалення.

Святар:Ласка Госпада нашага Іісуса Хрыста і любоў Бога Айца, і супольнаць Святога Духа няхай будуць з усімі вамі.

Хор: І з духам тваім.

Святар: Угару ўзнімем сэрцы.

Хор: Мы ўзнялі да Госпада.

Святар: Падзякуем Госпаду.

Хор: Дастойна і праведна ёсць пакланяцца Айцу, і Сыну, і Святому Духу – Троіцы Адзінасутнай і Нераздзельнай.

Святар: Годна і справядліва Цябе ўсхваляць, Цябе дабраслаўляць, Цябе славіць, Табе дзякаваць на кожным месцы Твайго валадарства: бо Ты Бог невыказны, неспасцігальны, нябачны, недаступны, які заўсёды існуеш і застаешся той самы, Ты, і адзінародны Твой Сын, і Дух Твой Святы. Ты прывёў нас з нябыту да быцця і, калі мы ўпалі, зноў падняў і не пераставаў рабіць усё, каб узвесці нас на неба і дараваць нам Тваё будучае валадарства. Дзеля гэтага дзякуем Табе, і Твайму адзінароднаму Сыну, і Духу Твайму Святому, дзякуем за ўсе дабрадзействы вядомыя і невядомыя, яўныя і тайныя, якімі Ты нас абдарыў. Дзякуем Табе і за гэтую службу, якую Ты захацеў ласкава прыняць з нашых рук, хоць перад Табою стаяць вялікія мноствы Арханёлаў, безліч Анёлаў, Херувімы і Серафімы, шасцікрылыя, шматвокія, якія, узняўшыся высока на крылах,

Голасна: Пераможную песню спяваючы, выгукваючы, усклікаючы і прамаўляючы:

Хор: Святы, Святы, Святы Гасподзь Саваоф, напоўнены неба і зямля славы Тваёй. Асана ў вышніх! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе, асана ў вышніх.

Святар: З гэтымі дабраславёнымі сіламі, чалавекалюбны Ўладару, і мы ўсклікаем, кажучы: святы і ўсесвяты Ты, і адзінародны Твой Сын, і Дух Твой Святы; святы і ўсесвяты Ты, і вялікая хвала Твая: Ты так палюбіў Твой свет, што Сына Твайго адзінароднага паслаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Ён, прыйшоўшы і споўніўшы ўвесь провід дзеля нас, у ноч, у якую Яго выдалі – або хутчэй, калі Ён Сам аддаў Сябе за жыццё свету, – узяў хлеб у Свае святыя, усячыстыя і бязвінныя рукі і, аддаўшы падзяку, дабраславіўшы (дабраслаўляе хлеб), асвяціўшы і разламаўшы яго, даў святым сваім вучням і апосталам, кажучы:

Голасна: Прыміце, ежце, гэта ёсць Цела Маё, што за вас ломіцца дзеля адпушчэння грахоў.

Хор: Амінь.

Святар: Таксама чашу пасля вячэры кажучы:

Голасна: Піце з яе ўсе, гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, што за вас і за многіх праліваецца дзеля адпушчэння грахоў.

Хор: Амінь.

Святар: Мы ж, памятаючы гэты збавенны запавет і ўсё, што дзеля нас здарылася – Крыж, пахаванне, уваскрасенне на трэці дзень, узыход на неба, сядзенне па правай руцэ, другое і слаўнае прыйсце,

Голасна: Тваё ад Тваіх Табе прыносім па ўсіх і за ўсё.

Хор:Цябе апяваем, Цябе дабраслаўляем, Табе дзякуем, Госпадзе, і молімся Табе, Божа наш.

Святар: Яшчэ прыносім Табе гэтую духоўную і бяскроўную службу і клічам, і просім, і молім Цябе: зышлі Духа Твайго Святога на нас і на гэтыя прынесеныя дары.

Святар і дыякан робяць тры паклоны.

Дыякан, паказваючы арарам на святы хлеб: Дабраславі, ойча, святы хлеб.

Святар (дабраслаўляе): І зрабі гэты хлеб святым Целам Хрыста Твайго.

Дыякан: Амінь. Дабраславі, ойча, святую чашу.

Святар (дабраслаўляе): А тое, што ў гэтай чашы, святой Крывёю Хрыста Твайго.

Дыякан: Амінь. Дабраславі, ойча, абое.

Святар (дабраслаўляе абое): Перамяніўшы іх Духам Тваім Святым.

Дыякан: Амінь, амінь, амінь.

Робяць зямны паклон.

Святар: Каб гэтыя дары былі тым, што іх прымаюць, для цвярозасці душы, для адпушчэння грахоў, для ўдзелу ў супольнасці Святога Духа, для здзяйснення валадарства нябеснага, для смеласці прыбліжацца да Цябе, а не на суд ці на асуджэнне.

Таксама прыносім Табе гэтую бяскроўную ахвяру за спачылых у веры праайцоў, айцоў, патрыярхаў, прарокаў, апосталаў, прапаведнікаў, мучанікаў, вызнаўцаў, поснікаў і за ўсякую праведную душу, у веры памерлую

Узяўшы кадзіла, кадзіць святыя дары, кажучы:

Уголас: Асабліва за Прасвятую, Прачыстую, Найдабраславёную, слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю.

Дыякан, узяўшы кадзіла ад святара, кадзіць вакол ахвярніка.

Хор спявае задастойнік: Ангел усклікаў да Ласкі Поўнай – чыстая Дзева, радуйся, і зноў кажу – радуйся. Твой Сын уваскрэс на трэці дзень з магілы і мёртвых узняў Ён, людзі весяліцеся. Гуляй сёння і весяліся, Сіёне, Ты ж, чыстая, квітней, Багародзіца, аб уваскрэсенні Народжанага Табой.

Святар: За святога Яна, прарока, прадвесніка і хрысціцеля; за святых, слаўных і годных пахвалы апосталаў; за святога (святую) … (імя святога), чыю памяць сёння адзначаем; і ўсіх святых, малітвамі якіх наведай нас, Божа (Успамінае пайменна памерлых, каго хоча, або за каго ахвяруецца Святая Літургія).

І супакой іх, дзе ззяе святло твару Твайго.

Яшчэ молімся Табе, Госпадзе, успомні ўсіх прававерных епіскапаў, якія праўдзіва навучаюць нас словам Тваёй праўды; пачэсных святароў, дыяканаў у Хрысце і ўсё духавенства.

Таксама прыносім Табе гэтую духоўную службу за ўвесь свет; за святую, паўсюдную і апостальскую Царкву; за тых, што вядуць чыстае і бездакорнае жыццё; за наш народ; за належныя ўлады гэтай краіны: дай ім, Госпадзе, спакойнае ўладанне, каб і мы пад іхняй аховаю маглі пражыць наша жыццё ціха і спакойна, з усякай набожнасцю і ў чысціні.

Уголас: Найперш памяні, Госпадзе, Вялікага Спадара і Айца нашага [імя], Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, і Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага [імя], Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і захавай іх для Святых Тваіх Цэркваў у міры, цэласці, пашане, добрым здароўі, даўгалецці і каб яны правільна выкладалі слова Тваёй ісціны.

Хор: І ўсіх, і ўсіх.

Святар: Успомні, Госпадзе, горад (вёску), у якім (якой) мы жывем, усякі горад і краіну, і ўсіх, што з вераю жывуць у іх. Успомні, Госпадзе, падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, хворых, тых што церпяць, зняволеных і пашлі ім збаўленне. Успомні, Госпадзе, тых, што прыносяць дары для святых Тваіх цэркваў, робяць дабро, памятаюць пра ўбогіх, і на ўсіх іх пашлі Твае міласці (успамінае пайменна жывых, каго хоча).

Голасна: І дай нам адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам славіць і апяваць найпачэснейшае і велічнае імя Тваё – Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Святар: І няхай будуць міласці Вялікага Бога і Збаўцы нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі.

Хор: І з духам тваім.

Прасіцельная екцення

Дыякан: Усіх святых памянуўшы, яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.

Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе, памілуй.

За прынесеныя і асвячоныя пачэсныя Дары Госпаду памолімся.

Каб чалавекалюбны Бог наш, прыняўшы іх на святы і наднябесны і духоўны Свой ахвярнік, як пах водару духоўнага, паслаў нам Бажэственную ласку і дар Святога Духа, памолімся.

Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.

Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Каб увесь дзень быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.

Хор [на кожнае прашэнне]: Падай, Госпадзе.

Ангела міру, вернага настаўніка, ахоўніка душ і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэння і адпушчэння грахоў і правіннасцей нашых у Госпада просім.

Добрага і карыснага душам нашым і міру для свету ў Госпада просім.

Астатні час жыцця нашага ў міры і пакаянні правесці ў Госпада просім.

Хрысціянскага сканчэння жыцця нашага, бязбольнага, непасаромленага, мірнага; і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.

Адзінства веры і супольнасці Святога Духа папрасіўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва перад св. Прычашчэннем

Святар: Табе ахвяруем жыццё наша і надзею, чалавекалюбны Ўладару, і просім, і молім Цябе, і клічам: зрабі нас дастойнымі прыняць Твае нябесныя і страшныя Тайны з гэтага святога і духоўнага стала з чыстым сумленнем, для адпушчэння грахоў, для даравання правінаў, для ўдзелу ў супольнасці Святога Духа, для атрымання валадарства нябеснага, для смеласці набліжацца да Цябе, а не на суд ці на асуджэнне.

Голасна: І спадобі нас, Уладару, каб мы з адвагаю, неасуджана смелі заклікаць Цябе, нябеснага Бога Айца, і прамаўляць:

Хор/народ: Ойча наш,/ Які ёсць на нябёсах,/ няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё,/ няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі./ Хлеб наш надзённы дай нам сёння;/ і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым;/ і не ўвядзі нас у спакусу,/ але збаў нас ад злога.

Святар: Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава – Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Хор: Амінь.

Святар: Мір усім.

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Галовы вашы перад Госпадам схіліце.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва са схіленымі галовамі

Святар: Дзякуем Табе, нябачны Ўладару, што Тваёй бязмежнай сілаю ўсё стварыў і ў безлічы міласэрнасці Тваёй прывёў усё з нябыту да быцця. Глянь, Госпадзе, з нябёсаў на тых, што схілілі галовы свае перад Табою, бо яны не схілілі іх перад целам і крывёю, але перад Табою, усемагутным Богам. Дык вось, Уладару, прынесеныя тут дары ўсім пароўну раздай, кожнаму паводле патрэбы: будзь з падарожнікамі па моры, зямлі і ў паветры, аздараві хворых, Лекару душ і целаў.

Голасна: Ласкаю і шчодрасцямі, і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з Якім Ты дабраславёны з Прасвятым, і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Святар: Госпадзе Ісусе Хрысце, Божа наш, які сядзіш з Айцом на вышынях і тут з намі нябачна прабываеш, глянь з Твайго святога жылля і з пасаду славы валадарства Твайго, і прыйдзі асвяціць нас. І будзь ласкавы даць нам магутнай Тваёй рукою Тваё ўсячыстае Цела і пачэсную Кроў, а праз нас усім людзям.

У міжчасе дыякан апярэзваецца накрыж арарам. Калі святар скончыць малітву, ён і дыякан робяць тры паклоны, кажучы ціха за кожным разам:

Божа, будзь спагадлівы мне, грэшнаму, і змілуйся нада мною.

Дыякан: Будзем уважлівымі.

Святар: Святое – святым!

Хор: Адзін Святы, адзін Гасподзь Іісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амінь.

Прычасны верш:

Хор: Цела Хрыстова прыміце, з крыніцы несмяротнай спажывіце. Алілуія (тройчы).

Прычашчэнне веруючых

Пасля прычашчэння свяшчэннаслужыцеляў, царскія вароты адкрываюцца, святар і дыякан выходзяць з алтара, дыякан трымае ў руках Святую Чашу і заклікае:

Дыякан: Са страхам Божым і вераю прыступіце.

Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў (1 раз).

Тыя, хто падрыхтаваўся да Прычасця, склаўшы крыжападобна рукі, прыступаюць да Святых Тайн і вызнаюць сваю веру ў наступнай малітве:

Святар: Верую, Госпадзе, і вызнаю, што Ты сапраўды Хрыстос, Сын Бога Жывога, што Ты прыйшоў у свет грэшных спасці, з якіх першы – я. Яшчэ верую, што гэта Само Прачыстае Цела Тваё і гэта Сама Пачэсная Кроў Твая. Таму малюся Табе: памілуй мяне і прабач мне правіннасці мае, вольныя і міжвольныя, у словах, у справах, свядомыя і несвядомыя; і спадобі мяне неасуджана прычасціцца Прачыстых Тваіх Тайн, дзеля адпушчэння грахоў і дзеля жыцця вечнага. Амінь.

Вячэры Тваёй Тайнай сёння, Сыне Божы, як удзельніка мяне прымі, бо ворагам Тваім я не выдам тайны і не дам Табе пацалунка, як Іуда, але, як разбойнік, вызнаю Цябе: памяні мяне, Госпадзе, у Царстве Тваім. Няхай не ў суд і не ў асуджэнне будзе мне прычашчэнне Святых Тваіх Тайн, Госпадзе, а дзеля ацалення душы і цела. Амінь.

Пад час прычашчэння веруючых хор спявае:

Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў

Святар бярэ ад дыякана чашу і прычашчае верных, кажучы за кожным разам: Слуга Божы (Божая) … (імя) прымае святое Цела і пачэсную Кроў Госпада, і Бога, і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста для адпушчэння грахоў і жыцця вечнага.

Пасля прычасця

Святар: Спасі, Божа, людзей Тваіх і дабраславі спадчыну Тваю.

Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў (1 раз).

Святар: Заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь. Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў (1 раз).

Екцення падзякі за прычашчэнне

Дыякан: Станьце прама. Прыняўшы Бажэственныя, Святыя, Прачыстыя, Несмяротныя, Нябесныя і Жыватворчыя, Страшныя Хрыстовы Тайны, належна падзякуем Госпаду.

Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Папрасіўшы, каб дзень гэты быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзе.

Святар: Дзякуем Табе, чалавекалюбны Ўладару, Дабрадзею душ і целаў нашых, што Ты сёння зрабіў нас дастойнымі быць удзельнікамі Тваіх нябесных і несмяротных Тайнаў. Зрабі простым наш шлях, умацуй нас усіх у страху Тваім, захавай наша жыццё, кіруй нашымі крокамі, малітвамі і заступніцтвам усяслаўнае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі і ўсіх святых.

Голасна: Ты бо асвячэнне наша, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Святар: З мірам выйдзем.

Хор: У імя Гасподняе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Заамвонная малітва

Святар: Ты дабраслаўляеш тых, хто дабраслаўляе Цябе, Госпадзе, і асвячаеш тых, хто спадзяецца на Цябе! Спасі людзей Тваіх і дабраславі наследдзе Тваё; паўнату Царквы Тваёй захавай; асвяці тых, хто любіць красу дома Твайго; праслаў іх за гэта Бажэственнаю Тваёю сілаю і не пакінь нас, якія спадзяёмся на Цябе. Мір свету Твайму дай, цэрквам Тваім, святарам, воінству і ўсім людзям Тваім. Бо ўсякае добрае даянне і ўсякі дасканалы дар даецца звыш і сыходзіць ад Цябе, Айца свяцілаў, і Табе славу, і падзяку, і пакланенне ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў (12 разоў).

Святар увайшоўшы ў алтар, кажа ціха: Ты – спаўненне закону і прарокаў, Хрысце Божа наш: споўніўшы ўвесь провід Айца, напоўні сэрцы нашы радасцю і вяселлем на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амінь.

Паварочваецца да людзей і дабраслаўляе іх, кажучы голасна:

Дабраславенне Гасподняе на вас Яго ласкаю і чалавекалюбствам заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Святар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў.

Хор: і тым, хто ў магілах жыццё дараваў.

Адпуст

Святар:Хрыстос, Які ўваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяўваў і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў, ісціны Бог наш, малітвамі Прачыстае Свае Маці і ўсіх святых, няхай памілуе і збавіць нас, бо Ён Добры і Чалавекалюбны.

Святар (дабраслаўляе крыжом на розныя бакі і вітае людзей) : Хрыстос уваскрос!

Людзі: Сапраўды уваскрос!

Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах жыццё дараваў (тройчы, хутка).

І нам дараваў жыццё вечнае, пакланяемся Яго трохдзённаму ўваскрэсенню.

Хор: Вялікага Спадара і айца нашага [імя], Свяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, і Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага [імя], Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, [і Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (імя), (архі)епіскапа (тытул яго)], настаяцеля, брацію і прыхаджан святога гэтага храма і ўсіх праваслаўных хрысціян, Госпадзе, захавай іх на многія леты.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Copyright © 2019 Літургічныя тэксты