Боская літургія св. Васіля Вялікага. Тэкст. Чарнавік.

ЛІТУРГІЯ АГЛАШЭННЫХ

Дыякан: Дабраславі, уладыка!

Святар: Дабраславёна Царства Айца, і Сына, і Святога Духа цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Вялікая (мірная) екцяння

Дыякан: У міры Госпаду памолімся.

Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе памілуй.

За мір з вышы́нь і збаўленне душ нашых Госпаду памолімся

За мір ва ўсім свеце, трываласць святых Божых Цэркваў і з’яднанне ўсіх Госпаду памолімся.

За святы храм гэты і за тых, што з вераю, пашанай і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.

За набожных і праваслаўных хрысціян Госпаду памолімся.

За [вялікага Спадара нашага Найсвяцейшага _________________Патрыярха ____________________, і] за Спадара нашага Найвялебнейшага Мітрапаліта _____________________________________[імя] (Вялебнейшага Архіепіскапа _____________________________________[імя], Вялебнага Епіскапа _______________________________________________[імя]), за шаноўных прасвітараў, дыяканства ў Хрысце, увесь клір і народ Госпаду памолімся.

За набожны народ наш, усіх кіраўнікоў і тых, хто займае пасады, Госпаду памолімся.

За горад гэты (вёску гэтую, мястэчка гэтае), усе гарады і краіны і за тых, хто з вераю жывуць у іх, Госпаду памолімся.

За спрыяльнае надвор’е, за багаты ўраджай зямных пладоў і за мірныя часы Госпаду памолімся.

За тых, хто падарожнічае па моры, зямлі і паветры; хто хварэе, пакутуе, хто ў зняволенні, і за збаўленне іх Госпаду памолімся.

Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, пакут, нядолі і нястачы, Госпаду памолімся.

Абарані, збаў, памілуй і захіні нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Усесвятую, беззаганную, найдабраславеннейшую Валадарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддамо.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва 1-га антыфона

Святар: Госпадзе Божа наш, Твая ўлада недасяжная і слава неспасціжная, міласць невымерная і любоў да людзей невымоўная! Ты, Валадару, па міласэрнасці Сваёй, зірні на нас і на святы храм гэты, і ўчыні з намі і тымі, хто разам моліцца, багатую Сваю міласць і спагаду.

Уголас: Бо нале́жыць Табе ўсякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Антыфон 1-шы

Хор: Дабраславі, душа мая, Госпада….

Малая екцення

Дыякан:

Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе памілуй.

Абарані, збаў, памілуй і захіні нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Усесвятую, беззаганную, Найдабрасла­веннейшую слаўную Валадарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памяну́ўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддамо.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва 2-га антыфона

Святар: Госпадзе Божа наш, збаў народ Твой і добраславі ўдзел Свой, паўнату Царкву Сваёй захавай, асвяці тых, хто любяць красу дому Твайго: праслаў жа іх Боскаю Сваёй сілаю і не пакінь нас, якія спадзяемся на Цябе.

Уголас: Бо Твая ўлада, і Тваё Царства і сіла, і слава – Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Антыфон 2-гі

Хор:Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу.

Хвалі, душа мая, Госпада…

Адзінародны Сы́не…

Малая екцення

Святар: Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе памілуй.

Абарані, збаў, памілуй і захіні нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Усесвятую, беззаганную, Найдабрасла­веннейшую слаўную Валадарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памяну́ўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддамо.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва 3-га антыфона

Святар: Божа, даў нам гэтыя супольныя і згодныя малітвы і паабяцаў выканаць, калі двое ці трое моляцца ў згодзе дзеля імя Твайго, Ты і цяпер выканай просьбы слуг Тваіх, якія на карысць ім, у гэтым веку кіруючы нас да спазнання Тваёй ісціны, а ў будучым даючы жыццё вечнае.

Уголас: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім, Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Хор: Амін.

Адчыняецца Царская брама на малы ўваход

Антыфон 3-ці, Блажэнны

Хор: У Царстве Тваім успомні пра нас…

Малы ўваход з Евангеллем

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе памілуй.

Падчас спеву антыфону святар і дыякан робяць уваход з Евангеллем. Стаўшы перад царскай брамай, святар моліцца:

Усеўладны Валадару Госпадзе, Божа наш, Ты паставіў на нябёсах чыны і войска анёлаў і арханёлаў на служэнне славе Тваёй, зрабі, каб і з нашым уваходам адбыўся уваход святых анёлаў, якія б разам з намі служылі і славілі Тваю добрасць.

Бо Табе належыць ўсякая слава, пашана і пакланенне, Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Дыякан: Дабраславі, валадару, святы уваход.

Святар: добраслаўляючы, прамаўляе: Дабраславёны ўваход святых Тваіх і цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Дыякан, узняўшы Евангелле, кажа ўголас:

Прамудрасць! Станьма роўна!

Святар з дыяканам уваходзяць у алтар, а людзі пяюць:

Уваходнае

Хор: Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Хрыста́.

У нядзелі: Збаў нас, Сыне Божы, увасакрэ́слы з мёртвых, мы пяём Табе: Алілуя.

У іншыя дні тыдня: Збаў нас, Сыне Божы, цудоўны ў святых Сваіх, мы пяём Табе: Алілуя.

Спяваем трапары і кандакі, адпаведныя дню.

Малітва перад спевам Трысвятога

Святар: Святы Божа, Божа, Святы, Ты між святых спачываеш, Цябе трысвятым голасам апяваюць серафімы і ўсхваляюць херувімы, Табе ўсе нябесныя сілы пакланяюцца. Ты з нябыту ў быццё прывёў усё існае, Ты стварыў чалавека паводле вобразу Свайго і падабенства Свайго, і ўсімі Сваімі дарамі яго аздобіў. Тым, хто просіць, Ты даеш мудрасць і розум; і не пагрэбаваў грэшнікамі, усталяваўшы дзеля збаўлення пакаянне. Ты нас, убогіх і нягодных слуг Тваіх, зрабіў вартымі і ў гадзіну гэтую стаяць перад славаю святога Твайго ахвярніка і належнае пакланенне і ўсхваленне прыносіць. Ты, Валадару, прымі і ад нашых грэшных вуснаў трысвяты спеў, і наведай нас ў цноце Тваёй. Выбач нам усякую правіну, свядомую ж і несвядомую, асвяці нашы душы і целы, і дай нам у набожнасці служыць Табе ва ўсе дні жыцця нашага праз заступніцтва святой Багародзіцы і ўсіх святых, якія спрадвеку табе дагадзілі.

Дыякан (звяртаецца да святара): Дабраславі, валадару, час Трысвятога.

Святар: Бо Ты – Святы, Божа наш, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды…

[Дыякан: Госпадзе, забаў набожных.

Хор: Госпадзе, збаў набожных.

Дыякан: І пачуй нас.

Хор: І пачуй нас.

Дыякан, павярнуўшыся да людзей:…] і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Трысвятое

Хор: Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас (3).

Слава Айцу і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Святы Несмяротны, памілуй нас.

Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас.

Падчас спеву святар і дыякан самі чытаюць Трысвятое, робячы тры паклоны перад св. Γасадам.

Затым дыякан звяртаецца да святара:

Загадай, валадару.

І адыходзяць да горняга пасаду. Святар пры гэтым прамаўляе: Дабраславёны, хто прыходзіць ў імя Гасподняе.

Дыякан: Дабраславі, валадару, узвышаны пасад.

Святар[добраслаўляевышняе месца]: Дабраславёны Ты на пасадзе славы Царства Твайго, і сядзіш на Херувімах, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Дыякан: Дабраславі, валадару, кадзіла.

Святар: Дабраславёны Бог наш, заўжды, цяпер і заўсёды і на векі вечныя. Амін. Кадзіла Табе прыносім, Хрысце, Божа наш, як водар духмянасці духоўнай, прымі яго ў нябесны свой ахвярнік, а нам пашлі ласку ўсесвятога Твайго Духа. Амін.

Дыякан: Будзем уважлівымі!

Святар: Мір усім.

Чытач: І духу твайму.

Дыякан: Мудрасць!

Чытач прамаўляе пракімен.

Чытанне Апостала

Святар: Мір табе.

Чытач: І духу твайму. Алілуя.

Хор: Алілуя (тройчы).

Малітва перад чытаннем Евангелля

Дыякан кадзіць царкву, а святар моліцца ціха:

Запалі ў сэрцах нашых, чалавекалюбны Валадару, Твайго богаспазнання бяспрымеснае святло, а вочы розуму нашага адкрый для разумення казанняў Твайго Дабравесця. Укладзі ў нас таксама страх да дабрашчасных тваіх запаведзяў, каб мы, усе пажады плоці растаптаўшы, духоўнае вялі жыццё, а таксама імкнуліся да ўсяго і рабілі ўсё, чым бы Табе дагаджаць. Бо Ты прасвятленне душаў і целаў нашых, Хрысце Божа, і Табе славу ўзносім, з беспачатным Тваім Айцом і ўсесвятым і добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды і на векі вечныя. Амін.

Скончыўшы, святар дае кнігу Евангелля дыякану, які становіцца перад іканастасам.

Дыякан: Дабраславі, валадару, дабравесце святога апостала Твайго апостала і дабравесніка (імя евангеліста).

Святар (дабраслаўляючы): Бог па малітвах святога, слаўнага апостала і дабравесніка (імя), няхай дасць табе слова дабраве́сціць з сілаю вялікаю, для ажыццяўлення Дабравесця любага Сына Свайго, Госпада нашага Іісуса Хрыста.

Дыякан: Амін.

Святар: Мудрасць! Станьце роўна! Вы́слухаем Святое Дабравесце! Мір усім.

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Чытанне святога Дабравесця паводле (імя).

Хор: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Святар: Будзем уважлівымі!

Чытанне Евангелля

І чытаецца Евангелле. Па заканчэнні чытання:

Хор: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Святар: Мір табе, дабравеснік!

Сугубая екцення

Дыякан: Скажам усе ад усёй душы і ад усяго розуму нашага скажам.

Хор [на кожную просьбу]: Госпадзе памілуй.

Госпадзе Усеўладны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, вы́слухай і памілуй.

Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй молімся Табе, вы́слухай і памілуй.

Хор [на кожную просьбу 3 разы]: Госпадзе памілуй

Таксама молімся за [вялікага Спадара нашага Найсвяцейшага Усясветнага Патрыярха Варфаламея, і] за Спадара нашага Найвялебнейшага Мітрапаліта [імя] (Вялебнейшага Архіепіскапа [імя], Вялебнага Епіскапа [імя]), прасвітараў, дыяканаў, манахаў і за ўсіх у Хрысце братоў нашых.

Таксама молімся за краіну нашу, ула́ды і войска яе, каб нам ве́сці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набо́жнасцю і годнасцю.

Таксама молімся за міласць, жыццё, мір, здароўе, збаўленне, Божае наведанне, прабачэнне і адпушчэнне грахоў слугаў Тваіх, усіх набожных і праваслаўных хрысціян, якія жывуць ці прыехалі ў гэты горад і гэты прыход, якія радзяць і апякуюцца гэтай царквой, за сужэнцаў і дзяцей іх.

Таксама молімся за братоў нашых святараў, іераманахаў і за ўсё ў Хрысце́ брацтва наша.

Таксама молімся молімся за вялебных і заўсёды памятных заснавальнікаў гэтага святога храма і за ўсіх ужо спачылых айцоў і братоў, што тут ляжаць і ўсюды, праваслаўных.

Тут устаўляюцца просьбы на розныя патрэбы, найчасцей наступнае:

Таксама молімся Табе, Госпаду Богу нашаму, пачуй голас малення нашага і малітву і памілуй слуг Тваіх: (імёны), ласкаю і шчодрасцямі Тваімі, і задаволь усе просьбы іх і прабач ім усе правіны вольныя і міжвольныя: няхай добра будуць прынятыя малітвы і міласціны іх перад прастолам Валадарства Твайго, і абарані іх ад ворагаў бачных і нябачных, ад усялякай напасці, бяды і гора, і хвароб збаў і падай здароўе і даўгалецце, скажам усе: Госпадзе, выслухай і памілуй..

Яшчэ молімся за ахвярада́ўцаў і дабрачы́нцаў у святым і пачэ́сным храме гэтым, за тых, што тут спявае, працаўнікоў і за ўсіх прысу́тных тут людзей, што чака́юць ад Цябе вялікае і багатае міласці.

Малітва ўзмоцненага малення

Святар: Госпадзе Божа наш, прымі шчырыя малітвы слуг Тваіх і змілуйся над намі паводле велічы Тваёй міласэрнасці; пашлі даброты Твае на нас і на ўсіх людзей Тваіх, якія чакаюць ад Цябе багацця Твайго замілавання.

Уголас: Бо Ты міласцівы і чалавека­любны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

[Екцення за памерлых]

[Екцення за катэхуменаў

Дыякан: Катэхумены, памаліцеся Госпаду.

Хор [на кожную просьбу]: Госпадзе, памілуй. 

Верныя, за катэхуменаў памолімся, каб Госпад памілаваў іх. 

Каб наставіў іх словам ісціны. 

Каб адкрыў ім Дабравесце праўды. 

Каб з’яднаў іх да Сваёй святой, паўсюднай і апостальскай Царквы. 

Абарані, збаў, памілуй і захіні іх, Божа, ласкаю Тваёю.

Катэхумены, вашы галовы перад Госпадам схіліце. 

Хор: Табе, Госпадзе. 

Святар: Госпадзе Божа наш, Ты жывеш на вышынях і глядзіш спагадліва на убогіх; Ты паслаў збаўленне роду людскому – адзінароднага Сына Твайго і Бога нашага Ісуса Хрыста: зірні на слуг Тваіх, якія рыхтуюцца да хросту і якія схілілі галовы свае перад Табою; і няхай яны ў свой час стануць вартымі вады адраджэння, адпушчэння грахоў і адзення несмяротнасці, з’яднай іх са Сваёй святой, паўсюднай і апостальскай Царквой і далучы іх да Твайго выбранага статку.

Уголас: Каб і яны з намі славілі найпачэснейшае і велічнае імя Тваё – Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя. 

Хор: Амін.]

Святар разгортвае антыменс.

Па заканчэнні гэтай екцянні ў старажытнасці няхрышчаным належала пакінуць храм, пра што дыякан нагадвае словамі:

ЛІТУРГІЯ ВЕРНЫХ

Дыякан: Усе катэхумены, выйдзіце. Катэхумены, выйдзіце. Усе катэхумены, выйдзіце. Няхай ніхто з катэхуменаў не застаецца, толькі верныя, зноў і зноў ў міры Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе, памілуй. 

Дыякан: Абарані, збаў, памілуй і захіні нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Хор: Госпадзе, памілуй. 

Дыякан: Мудрасць.

Малітва верных 1-я

Святар(ціха): Ты, Госпадзе, паказаў нам гэтую вялікую тайну збаўлення і зрабіў нас, Тваіх нягодных і пакорных слуг,  быць вартымі слугамі Твайго святога ахвярніка. Сілаю Святога Твайго Духа настаў нас на гэтую службу, каб нам стаць без асуджэння перад святой славаю Тваёю і прынесці табе ахвяру хвалы, бо Ты – той, які дзейнічае ўва ўсіх. Прымі ласкава гэтую ахвяру за нашы грахі і людскія правіны, і няхай яна будзе прыемная Табе.

Уголас: Бо належыць Табе ўсялякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Дыякан: Зноў і зноў у міры Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Дыякан (а ў яго адсутнасць святар) прамаўляе: Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, ласкайТваёй.

Прамудрасць!

І ўваходзіць дыякан у алтар праз паўночныя брамы.

Малітва верных 2-я

Святар: Ты, Божа, у сваёй спагадлівасці і міласэрнасці наведаў нашу пакорлівасць і паставіў нас, Тваіх пакорных, грэшных і нягодных слуг, перад святой славаю Тваёю, каб нам служыць Твайму святому ахвярніку: сілаю Святога Твайго Духа ўмацуй нас на гэтую службу і дай нам, калі мы адчынім вусны нашы, знайсці адпаведныя словы, каб клікаць ласку Духа Твайго Святога на гэтыя Дары, якія маюць неўзабаве быць прынесеныя Табе.

Уголас: Каб мы, пад уладаю Тваёю заўжды ахаваныя, Табе славу ўзносілі – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

І адчыняецца царская брама

Херувімская песня

Мы, Херувімаў Мы, херувімаў вобраз таямніча выяўляючы і жыватворчай Тройцы трысвятую песню спяваючы, адкладзем жа зараз усякі штодзённы клопат, [каб нам Цара ўсіх прыняць, Якога нябачна суправаджае анёльская варта. Алілуя, Алілуя, Алілуя].

Малітва Херувімскай песні

Святар: Ніхто са звязаных цялеснымі пажадамі і асалодамі не варты набліжацца да Цябе і служыць Табе, Цару славы; бо служыць Табе – велічна і страшна нават для нябесных сілаў. Але дзеля невымоўнай і невымернай Сваёй любові да людзей Ты без змянення і разбурэння стаў чалавекам і нашым Першасвятаром і, як Валадар усіх, даверыў і даручыў нам праз нашае святарскае служэнне і гэтую літургію і прынясенне бяскроўнай ахвяры. Ты адзін, Госпадзе, пануеш над усім на небе і на зямлі; Цябе носяць на херувімскім пасадзе, Госпада серафімаў і Цара Ізраільскага. Толькі Ты святы і сярод святых спачываеш. Цябе малю, адзінага добрага і заўсёды гатовага выслухаць: зірні на мяне, грэшнага і нягоднага слугу Твайго, і ачысці маю душу і сэрца ад злога сумлення; і дапусці мяне сілаю Святога Твайго Духа – паколькі я апрануты ў ласку святарства, – стаць перад Тваім святым ахвярнікам і прынесці ў ахвяру Тваё святое і ўсячыстае Цела і пачэсную Кроў. Да Цябе прыходжу, схіліўшы галаву, і малюся Табе: не адвярні Аблічча Твайго святога ад мяне і не адлучы мяне ад дзяцей Тваіх, але зрабі мяне, Твайго грэшнага і нягоднага слугу, вартым, каб прынесці Табе гэтыя дары. Бо Ты сам Той, Хто прыносіць ахвяру і прыносіцца ў ахвяру, Хто ласкава прымае і Каго раздаюць, Хрысце Божа наш, і Табе славу ўзносім, разам з беспачатным Тваім Айцом і з усесвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Па заканчэнні малітвы і каджэння святар і дыякан, стоячы перад св. Пасадам тройчы чытаюць Херувімскую песню.

Святар [молячыся з узнятымі рукамі]: Мы, Херувімаў вобраз таямніча выяўляючы і жыватворчай Троіцы трысвятую песню спяваючы, адкладзем жа зараз усякі штодзённы клопат.

Дыякан: Каб нам Цара ўсіх прыняць, Якога нябачна суправаджае анёльская варта. Алілуя, алілуя, алілуя. (3)

Затым падыходзяць да ахвярніка; святар кадзіць святыя дыскасы і чашу, молячыся ў сабе:

Божа, ачысці мяне, грэшнага. (3)

Дыякан звяртаецца да святара:

Падымі, валадару.

І святар, узяўшы покрыва, ускладае яго на левае плячо дыякана, са словамі:

Уздыміце рукі вашыя да святыняў і дабраслаўляйце Госпада.

Скончыўшы, святар і дыякан робяць Вялікі ўваход з дарамі, падрыхтаванымі да асвячэння.

Вялікі ўваход

Дыякан: Вялікага Спадара нашага нашага [Найсвяцейшага ____________________________Патрыярха [імя], ] і Спадара нашага Найвялебнейшага Мітрапаліта [імя] (Вялебнейшага Архіепіскапа [імя], Вялебнага Епіскапа [імя]) няхай успомніць Госпад Бог у Царстве Сваім, заўжды, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Таксама святар: Вялебных мітрапалітаў, архіепіскапаў і епіскапаў, і ўвесь святарскі і манаскі чын, і прычт царкоўны, братоў і сёстраў святога гэтага храма, усіх вас і ўсіх хрысціян няхай успомніць Госпад Бог у Царстве Сваім, заўжды, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Каб нам Цара ўсіх прыняць, Якога нябачна суправаджае анёльская варта. Алілуя, алілуя, алілуя.

Потым уваходзіць у алтар.

Дабрапрыстойны Ёсіф з дрэва беззаганнае Цела Тваё зняў і, спавіўшы яго чыстым палатном з духмянасцямі, у новай магіле паклаў.

У магіле целам, у пекле ж душой як Бог, у раі з разбойнікам і на пасадзе разам з Айцом і Духам Ты, Хрысце: усё напаўняеш, Невыказны.

Жыццядайнай, за рай прыгажэйшай, сапраўды і за ўсякі хорам царскі святлейшай стала для нас, Хрысце, магіла Твая – крыніца нашага ўваскрасення

Дабрапрыстойны Ёсіф з дрэва беззаганнае Цела Тваё зняў і, спавіўшы яго чыстым палатном з духмянасцямі, у новай магіле паклаў..

Бярэ кадзіла са словамі:

Ашчаслíў Зрабі, Госпадзе, добрую ласку Сіёну, паводле волі Тваёй, і муры Ерусаліма няхай адбудуюцца. Тады мiлай Табе будзе ахвяра праўды, прынашэньне i ўсёспаленне; тады пакладуць на ахвярнiк Твой цяльцо́ў.

Аддае кадзіла і кажа дыякану:

Памяні мяне, браце і саслужыцель!

А дыякан яму: Няхай памяне Госпад Бог тваё святарства ў Сваім Царстве.

Дыякан:

Памаліся за мяне, валадару святы.

І святар:

Дух Святы няхай найдзе на цябе і Моц Усявышняга ахіне цябе. 

І дыякан:

Той жа Дух будзе садзейнічаць нам ва усе дні жыцця нашага. 

І зноў ён жа:

Памяні мяне, уладару святы.

І святар:

Няхай памяне цябе Госпад Бог у Сваім Царстве заўжды, цяпер і заўсёды і на векі вечныя.

Дыякан: Амін.

Святар і дыякан уваходзяць у алтар. Калі людзі даспяваюць, дыякан, узяўшы дабраславенне ў святара, выходзіць з алтара і пачынае малітву:

Екцення просьбаў

Дыякан: Дапоўнім малітву нашу Госпаду.

За ўскладзеныя Пачэсныя Дары Госпаду памолімся.

Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе, памілуй.

За ўскладзеныя пачэсныя Дары Госпаду памолімся. 

За святы храм гэты і за тых, што з вераю, пашанай і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся. 

Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся. 

Абарані, збаў, памілуй і захіні нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Каб увесь дзень быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.

Хор [на кожную просьбу]: Дай, Госпадзе. 

Анёла міру, вернага настаўніка, ахоўніка душ і целаў нашых у Госпада просім. 

Прабачэння і адпушчэння грахоў і правін нашых у Госпада просім. 

Добрага і карыснага душам нашым і міру для свету ў Госпада просім. 

Астатні час жыцця нашага ў міры і пакаянні правесці ў Госпада просім. 

Хрысціянскага сканчэння жыцця нашага, бязбольнага, непасаромленага, мірнага, і добрага апраўдання на Страшным судзе Хрыстовым просім. 

Усесвятую, беззаганную, найдабраславеннейшую слаўную Валадарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддамо. 

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва Прынашэння

Святар(ціха): Госпадзе, Божа наш, які стварыў нас і ўвёў у гэтае жыццё, паказаў нам шляхі збаўлення і даў нам аб’яўленне нябесных тайнаў: Ты – той, які сілаю Святога Твайго Духа паклікаў нас на гэтую службу. Дзеля гэтага, Госпадзе, у дабрыні Тваёй дай нам быць вартымі слугамі Твайго Новага Запавету і выканаўцамі Тваіх Тайнаў; дзеля вялікай Тваёй міласэрнасці прымі нас, якія набліжаемся да Твайго святога ахвярніка, і зрабі нас вартымі прыносіць Табе гэтую духоўную ахвяру за нашы грахі і людскія правіны і, прыняўшы яе на Твой нябесны духоўны ахвярнік, як адмысловую духмянасць духоўную, пашлі нам узамен ласку Твайго Святога Духа. Спаглянь на нас, Госпадзе, і на гэтую службу і прымі яе так, як Ты прыняў дары Авеля, ахвяры Ноя, усеспаленне і Аарона, ахвяры за супакой Самуіла. Як Ты ласкава прыняў ад святых Тваіх апосталаў гэтую сапраўдную службу, так у дабрыні Тваёй прымі і гэтыя дары з нашых грэшных рук, каб мы, аказаўшыся вартымі служыць без заганы Твайму святому ахвярніку, маглі атрымаць узнагароду верных і разважных распарадчыкаў у страшны дзень Тваёй справядлівай расплаты.

Уголас: Шчодрасцямі адзінароднага Сына Твайго, з Якім дабраславёны Ты з прасвятым, і добрым, і жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Святар: Мір усім!

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Палюбім адзін аднаго, каб у аднадумнасці вызнаваць.

Хор: Айца, і Сына, і Святога Духа – Троіцу Адзінасутную і Нераздзельную.

І святар тройчы кланяецца са словамі: Палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая, Госпад – крэпасць мая, і прытулак мой, і выратавальнік мой. (3)

Дыякан: Дзверы, дзверы! Да прамудрасці будзем уважлівымі.

І цалуе пакрыты святы посуд. Калі святароў двое ці больш, то ўсе яны цалуюць святыні і адзін аднаго ў плечы.

Настаяцель кажа: Хрыстос пасярод нас!

І адказвае яму той, хто цалаваў: І ёсць, і будзе.

Дыякан: Дзверы, дзверы! Да мудрасці будзем уважлівымі.

Сімвал веры

Хор: Веру /  ў адзiнага Бога Айца, усёмагутнага,/ Творцу неба i зямлi, усяго бачнага і нябачнага./ I ў адзiнага Госпада Iсуса Хрыста, Сына Божага,/ адзiнароднага, ад Айца народжанага перад усiмi вякамi;/ Святло ад Святла, Бога iсцiннага ад Бога iсцiннага,/ народжанага, не створанага, адзiнасутнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася./ Якi дзеля нас, людзей, i дзеля нашага збаўлення сышоў з нябёс / i ўцялеснiўся ад Духа Святога i Дзевы Марыi, i ўчалавечыўся. / Быў распяты за нас пры Понтыі Пiлаце,/ i пакутаваў, i быў пахаваны. I ўваскрэс у трэцi дзень згодна з Пісаннем./ I ўзышоў на нябёсы, i сядзiць праваруч Айца./ I зноў прыйдзе ў славе судзiць жывых i мёртвых, i Яго Царству не будзе канца./ I ў Духа Святога, Госпада, жыватворчага, Які ад Айца паходзiць,/ Якому разам з Айцом i Сынам пакланяюцца i Якога славяць, Які гаварыў праз прарокаў./ У адзiную святую паўсюдную i апостальскую Царкву./ Вызнаю адно хрышчэнне дзеля адпушчэння грахоў./ Чакаю ўваскрасення мёртвых / i жыцця будучага веку. Амін.

Святая анафара

Па заканчэнні св. Сімвала дыякан прамаўляе:

Станьма добра, станьма са страхам, будзьма уважлівымі, каб святое прынашэнне ў міры прынесці.

Хор: Міласць міру, ахвяру хвалы.

Святар: Ласка Госпада нашага Іісуса Хрыста і любоў Бога Айца, і супольнасць Святога Духа няхай будзе з усімі вамі.

Хор: І з духам тваім.

Святар: Угару ўзнімем сэрцы.

Хор: Мы ўзнялі да Госпада.

Святар: Падзякуем Госпаду.

Хор: Належна і правільна [пакланяцца Айцу, і Сыну, і Святому Духу – Троіцы Адзінасутнай і Нераздзельнай.]

Святар, схіліўшыся моліцца:

Валадару Госпадзе, Божа Ойча ўсёмагутны, Ты годны ўсякай хвалы! Сапраўды належна, справядліва і адпаведна велічы святасці Тваёй Цябе хваліць, Цябе апяваць, Цябе дабраслаўляць, Табе пакланяцца, Табе дзякаваць, Цябе славіць як адзінага праўдзівага Бога і Табе прыносіць з сэрцам скрушлівым і душой пакорнай гэтую нашу духоўную ахвяру, бо Ты – той, які дараваў нам пазнанне Тваёй праўды. Хто сапраўды здольны належна апісаць магутнасць Тваю, зрабіць чутнай хвалу Тваю, расказаць аб усіх цудах, якія Ты чыніш у кожны час? Уладару ўсіх, Госпадзе неба і зямлі і ўсіх стварэнняў бачных і нябачных, Ты сядзіш на пасадзе славы і ўзіраешся ў бязмежныя далі, адвечны, нябачны, недаступны, неабдымны, нязменны; Ты – Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Вялікага Бога і Збавіцеля, надзеі нашай, які з’яўляецца вобразам Тваёй дабрыні, вернай пячаткаю Твайго падабенства – паказваючы ў Сабе Цябе, Ойча, – Словам жывым, праўдзівым Богам, спрадвечнай Мудрасцю, Жыццём, Асвячэннем, сапраўдным Святлом. Праз Яго Дух Святы аб’явіўся – Дух праўды, Дар усынаўлення, парука будучай спадчыны, пачатак вечных дабротаў, жыватворчая сіла, крыніца святасці, сілаю якога ўсякае разумнае і адухоўленае стварэнне служыць Табе і няспынна Цябе хваліць. Бо Табе служыць увесь сусвет: Цябе хваляць анёлы, арханёлы, пасады, гаспадарствы, пачаткі, улады, сілы і шматвокія херувімы, вокал Цябе стаяць серафімы – шэсць крылаў у кожнага: двума засланяюць твары свае, двума ногі і двума лётаюць, – няспынна пераклікаючыся між сабою і несціханымі галасамі,

Уголас: Пераможную песню спяваючы, , усклікаючы, выгукваючы і прамаўляючы:

Хор: Святы, Святы, Святы Госпад Саваоф, поўняцца неба і зямля славы Тваёй! [Асанна ў вышніх! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе, асанна ў вышынях.

Святар: З гэтымі дабрашчаснымі сіламі, Валадару Чалавекалюбча, і мы, грэшныя, усклікаем і прамаўляем: Сапраўды Ты святы і ўсесвяты і праведны ва ўсіх учынках Тваіх, і няма меры велічы славы Тваёй, бо праўдзівым судом Ты справядліва навёў на нас усё, што здарылася з намі. Ты, Божа, стварыў чалавека з пылу зямнога і, ушанаваўшы яго вобразам Твайго падабенства, пасяліў яго ў раі асалоды, абяцаючы несмяротнае жыццё і карыстанне вечнымі дабротамі ўзамен за паслушэнства Тваім прыказанням. Калі ж ён, паддаўшыся змяінай спакусе, не паслухаўся Цябе, праўдзівага Бога, які яго стварыў, і сваім праступкам аддаў сябе пад уладу смерці, Ты, Божа, справядлівым Тваім судом выгнаў яго з раю на гэты свет і вярнуў у зямлю, з якой ён быў узяты, устанаўляючы яму збаўленне праз адраджэнне ў самім Хрысце Тваім. Бо Ты, Добры, не адвярнуўся зусім ад стварэнняў Тваіх і не забыў твораў рук Тваіх, але наведаў іх шматлікімі спосабамі дзеля ласкавай міласэрнасці Тваёй: прарокаў пасылаў, цуды чыніў праз святых Тваіх, якія ў кожным пакаленні рабілі прыемнае Табе; гаварыў да нас вуснамі слуг Тваіх прарокаў, прадвяшчаючы будучае збаўленне; даў закон на падмогу і ўстанавіў анёлаў-апекуноў. Калі ж споўніўся час, Ты прамовіў да нас праз самога Сына Твайго, якім Ты вякі стварыў. Ён, будучы спрадвечным Богам, ззяннем славы Тваёй і вобразам Твайго падабенства, утрымліваючы ўсё ў існаванні словам сілы сваёй, не палічыў за здабытак быць роўным Табе, Богу і Айцу, але з’явіўся на зямлі і пажыў сярод людзей. Узяўшы цела ад святое Дзевы, Ён спустошыў Сябе, прыняўшы выгляд слугі, стаўшы падобным да цела нашай пакорлівасці, каб учыніць нас падобнымі да вобразу сваёй славы. Паколькі праз чалавека грэх прыйшоў на зямлю, а з грэхам смерць, адзінародны Сын Твой, які прабывае ва ўлонні Тваім, Божа і Ойча, захацеў нарадзіцца ад жанчыны, святой Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі, – падпарадкаваўшы Сябе закону, – і асудзіць грэх целам сваім, каб тыя, што памерлі ў Адаме, ажылі ў самім Хрысце Тваім. Пажыўшы на гэтым свеце, даўшы збавенныя прыказванні і адвярнуўшы нас ад ідальскай маны, Ён прывёў нас да пазнання Цябе, праўдзівага Бога і Айца, набыўшы нас Сабе і зрабіўшы нас людзьмі выбранымі, уладарным святарствам, народам святым; і ачысціўшы нас вадою і асвяціўшы Духам Святым, даў Сябе ўзамен за смерць, пад уладаю якое мы, зняволеныя грахом, прабывалі. Зышоўшы Крыжам у пекла, каб напоўніць сабою ўсё, Ён суняў болі смерці; і ўваскрэсшы на трэці дзень – бо немагчыма было ўтрымаць у тленнасці Ўладара жыцця – устанавіў шлях да ўваскрэсення кожнаму чалавеку, сам стаўшы першынцам з тых, што заснулі, першародным з мёртвых, каб мець пяршынства ва ўсім; і ўзышоўшы на неба, Ён сеў на вышыні па правай руцэ ад Тваёй магутнасці, адкуль прыйдзе даць кожнаму паводле ягоных заслуг. Для нас жа Ён пакінуў вось гэты ўспамін сваіх збавенных мукаў, які мы выконваем згодна з Ягонымі запаветамі. Перад тым, як ісці на сваю дабравольную, вечнапамятную і жыватворчую смерць, у ноч, калі Ён аддаў Сябе за жыццё свету, Ён узяў хлеб у свае святыя і бязвінныя рукі і, ахвяраваўшы яго Табе, Богу і Айцу, аддаўшы падзяку, дабраславіўшы (дабраслаўляе хлеб), асвяціўшы і разламаўшы яго,

Уголас: Даў святым сваім вучням і апосталам, кажучы (паказвае правай рукой на хлеб): Бярыце, ешце, гэта ёсць Цела Маё, якое за вас разломваецца дзеля адпушчэння грахоў.

Хор: Амін.

Святар: У падобны спосаб, узяўшы келіх плоду вінаграднага, змяшаўшы, аддаўшы падзяку, добраславіўшы (добраслаўляе келіх) і асвяціўшы яе,

Уголас: Даў святым сваім вучням і апосталам, кажучы (паказвае на чашу): Піце з яе ўсе, гэта Кроў Мая Новага Запавету, якая за вас і за многіх праліваецца дзеля адпушчэння грахоў.

Хор: Амін.

Святар, схіліўшы галаву, моліцца ціха:

Рабіце гэта на Мой успамін: кожны раз, калі вы ядзіце гэты хлеб і п’еце з гэтага келіха, вы прыгадваеце Маю смерць і вызнаеце Маё ўваскрэсенне. Таму, Валадару, успамінаючы Ягоныя збавіцельныя мукі, жыватворчы крыж, трохдзённае пахаванне, уваскрэсенне з мёртвых, узыход на неба, сядзенне па праваруч Цябе, Бога і Айца, слаўнае і страшнае Ягонае другое прыйсце,

Дыякан, склаўшы накрыж рукі, бярэ дыскас і келіх і падымае іх, а святар кажа уголас:

Тваё ад Тваіх Табе прыносім за ўсіх і дзеля ўсіх.

Хор: Цябе апяваем, Цябе дабраслаўляем, Табе дзякуем, Госпадзе, і молім Цябе, Божа наш.

Святар, схіліўшы галаву, моліцца:

Дзеля гэтага, Усесвяты Ўладару, і мы, грэшныя і нягодныя слугі Твае, што ўдастоіліся служыць Твайму святому ахвярніку не дзеля праведных учынкаў нашых – бо мы не зрабілі нічога добрага на зямлі, – але дзеля Тваёй міласэрнасці і шчодрасцьяў Тваіх, якімі Ты багата надарыў нас, прыбліжаемся смела да Твайго святога ахвярніка і, прынёсшы існасць святога Цела і Крыві Хрыста Твайго, Табе молімся і клічам Цябе: Святы Святых, з добрай ласкі Тваёй дай, каб Дух Твой Святы зышоў на нас і на гэтыя прынесеныя дары, і каб дабраславіў іх, асвяціў і ўчыніў…

Дыякан, паказваючы арарам на святы хлеб:

Дабраславі, ойча, святы хлеб.

Святар (дабраслаўляе): І зрабі гэты Хлеб – найкаштоўнейшым Целам Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.

Дыякан: Амін. Дабраславі, ойча, святую чашу.

Святар(дабрааслаўляе): Келіх жа гэты – найкаштоўнейшай Крывёю Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.

Дыякан: Амін. Дабраславі, ойча, абое.

Святар (добраслаўляе абое): Пралітай за жыццё свету.

Дыякан: Амін, амін, амін.

Робяць зямны паклон.

Памяні, святы валадару, мяне грэшнага

Святар: Ды памяне цябе Госпад Бог у Царстве Сваім цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вячныя.

Дыякан: Амін.

Святар: Нас жа ўсіх, якія спажываем ад адзінага Хлеба і Келіха, з’яднай аднаго з адным у супольнасці адзінага Святога Духа; і хай ніводнаму з нас прыняцце святога Цела і Крыві Хрыста Твайго не будзе на суд ці асуджэнне, але каб маглі мы знайсці ласку і спагаду разам з усімі святымі, што ў кожным веку чынілі прыемнае Табе: з праайцамі, айцамі, патрыярхамі, прарокамі, дабравеснікамі, мучанікамі, вызнаўцамі, настаўнікамі, і з усякім духам праведным, які ў веры сканаў;

Узяўшы кадзіла, кадзіць святыя дары, кажучы уголас:

Асабліва з усесвятой, беззаганнай, найдабраславеннейшай, слаўнай Валадаркай нашай Багародзіцай і Вечнадзевай Марыяй.

Хор: У Табе радуецца, Ласкі поўная, усё стварэнне: сабор анёлаў і род людзскі. О, асвячоны Храме і Раю духоўны! Дзявочы гонар — Бог з Цябе ўцялесніўся і стаў дзіцяткам Бог наш, Які спрадвеку ёсць. Бо Ён з Твайго ўлоння стварыў трон і чэрава Тваё зрабіў шырэйшым за нябёсы. У Табе радуецца, Ласкі поўная, усё стварэнне, слава Табе.

Святар: Са святым Янам прарокам, Прадвеснікам і Хрысціцелем; са святымі, слаўнымі і ўсевялебнымі апосталамі; са святым (-тою)… (імя), чыю памяць адзначаем сёння, і з усімі святымі, праз хадайніцтвы якіх наведай нас, Божа.

І ўспомні ўсіх, хто заснуў у надзеі на ўваскрасенне і жыццё вечнае. (успамінае пайменна памерлых, каго хоча).

І дай ім спачын там, дзе ахіне іх святло аблічча Твайго.

Таксама молім Цябе: успомні, Госпадзе, святую Тваю, паўсюдную і апостальскую Царкву, што распасціраецца ад канца да канца свету, і супакой яе, якую Ты заснаваў святою Тваёю Крывёю; і гэты святы дом умацуй да сканчэння веку.

Памяні, Госпадзе, тых, што прынеслі Табе гэтыя дары, і тых, праз каго і за каго яны прынесеныя.

Успомні, Госпадзе, і пра збаўленне, наведванне, адпушчэнне грахоў рабоў Тваіх (імёны жывых верных).

Памяні, Госпадзе, тых, што робяць дабро і працуюць у святых Тваіх цэрквах і памятаюць пра ўбогіх: пашлі ім узамен Твае багатыя і нябесныя дары, даючы ім замест зямных скарбаў нябесныя, замест дачасных – вечныя, замест тленных – нятленныя.

Памяні, Госпадзе, тых, што жывуць у пустынях, у горах, у пячорах і шчылінах зямных. Успомні, Госпадзе, тых, што набожна прабываюць у дзявоцтве, пастах і чыстым жыцці.

Памяні, Госпадзе, належныя нашыя ўлады, даруй ім глыбокі і неад’емны супакой, укладзі ў сэрцы іх добрыя думкі пра Царкву Тваю і пра ўсіх людзей Тваіх, каб мы ў цішыні іх маглі пражыць жыццё наша ціха і спакойна, з усякай набожнасцю і ў чысціні.

Памяні, Госпадзе, усякае начальства, братоў і сёстраў нашых на дзяржаўнай службе і ў войску; захавай добрых у Тваёй дабрыні, благіх учыні добрымі ласкаю Тваёю.

Памяні, Госпадзе, прысутных тут людзей і тых, што адсутнічаюць дзеля важкіх прычын, і злітуйся над імі і ўсімі намі паводле вялікай Тваёй міласэрнасці; напоўні склады іх усякім дабром, сужэнствы іх умацуй у спакоі і згодзе; будзь апекуном дзетак, настаўнікам моладзі, падтрымкай старых; дай суцяшэнне маладушным, расцярушаных збяры; тых, што паддаліся спакусе, навярні і з’яднай з Тваёй святой, паўсюднай і апостальскай Царквой; выбаў тых, што церпяць ад духаў нячыстых; будзь з тымі, што падарожнічаюць па моры, зямлі і ў паветры; барані ўдоваў, за сірот заступайся, вызвалі палонных, аздараві хворых; будзь памятлівы, Божа, тых, што пад судом, у вязніцах, на катаржных работах і на выгнанні, і ва ўсякай патрэбе, бядзе і цяжкіх абставінах, і ўсіх тых, якія маюць патрэбу ў Тваёй вялікай міласэрнасці; тых, што любяць нас і ненавідзяць нас, і тых, што прасілі нас, недастойных, маліцца за іх; і ўсіх людзей Тваіх успомні, Госпадзе Божа наш, і пашлі ім багацце Твайго змілавання, даруючы ім спаўненне просьбаў дзеля іхняга збаўлення. І калі мы каго прамінулі дзеля няведання, або праз забыццё, або дзеля мноства імёнаў, Ты, Божа, які ведаеш кожнага век і імя ад улоння маці, сам іх успомні: бо Ты, Госпадзе, помач бездапаможным, надзея знявераных, збавіцель тых, што гінуць у бурах, прыстанішча падарожнікаў, лекар нядужых. Дык будзь усім для ўсіх, ведаючы кожнага просьбу, дом і патрэбу. Выбаў, Госпадзе, гэты горад і ўсякі горад і краіну ад голаду, пошасці, землятрусу, паводкі, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны.

Уголас: Сярод першых памяні, Госпадзе, вялікага Спадара нашага [Найсвяцейшага Усясветнага Патрыярха Варфаламея, і] Спадара нашага Найвялебнейшага Мітрапаліта [імя] (Вялебнейшага Архіепіскапа [імя], Вялебнага Епіскапа [імя]). Захавай іх/яго для святых тваіх Цэркваў у міры, цэласці, добрай славе, здароўі, даўгалецці, каб ён/яны правільна навучалі слову Тваёй ісціны.

Хор: І ўсіх, і ўсё.

Святар: Памяні, Госпадзе, ўсіх праваслаўных епіскапаў, якія правільна навучаюць нас словам Тваёй ісціны.

Памяні, Госпадзе, у Тваёй вялікай міласэрнасці і маю недастойнасць, і адпусці мне ўсякую правіну вольную і міжвольную, і не ўстрымай дзеля маіх грахоў ласкі Духа Твайго Святога ад прынесеных тут дароў.

Памяні, Госпадзе, святароў, дыяканаў у Хрысце і ўсё духавенства, і не пасаром ніводнага з нас, якія стаім вакол Твайго святога ахвярніка.

Наведай нас, Госпадзе, у Тваёй дабрыні і аб’явіся нам у багацці шчодрасцяў Тваіх: даруй нам памяркоўнае і прыемнае надвор’е, пашлі дажджы мірныя на зямлю, каб яна магла прынесці багаты ўраджай; добраславі круг году ласкі Тваёй; спыні разлады царкоўныя, суціш хваляванні народныя, усякія праявы ілжывых вучэнняў хутка патушы сілаю Святога Твайго Духа. Прымі нас у Тваё валадарства, зрабіўшы нас дзецьмі святла, дзецьмі дня; і дай нам любоў Тваю, Госпадзе Божа наш, які ўсё даў нам.

Уголас: І дай нам адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам славіць і апяваць усепачэснае і цудоўне імя Тваё – Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Святар: І няхай будуць міласці вялікага Бога і Збаўцы нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі.

Хор: І з духам тваім.

Екцяння просьбаў

Дыякан: Усіх святых памянуўшы, зноў і зноў у міры Госпаду памолімся.

Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе, памілуй.

За прынесеныя і асвячоныя пачэсныя Дары Госпаду памолімся.

Каб чалавекалюбны Бог наш, прыняўшы іх на святы і наднябесны і духоўны Свой ахвярнік, як водар духмянасці духоўнай, паслаў нам Боскую ласку і дары Святога Духа, памолімся.

[Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.

Абарані, збаў, памілуй і захіні нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Каб увесь дзень быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.

Анёла міру, вернага настаўніка, ахоўніка душ і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэння і адпушчэння грахоў і правін нашых у Госпада просім.

Добрага і карыснага душам нашым і міру для свету ў Госпада просім.

Астатні час жыцця нашага ў міры і пакаянні правесці ў Госпада просім.

Хрысціянскага заканчэння жыцця нашага, бязбольнага, непасаромленага, мірнага; і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.]

Адзінства веры і супольнасці cа Святым Духам папрасіўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддамо.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва перад прычасцем

Святар: Божа наш, Божа збаўлення, навучы нас дастойна дзякаваць Табе за ўсе дабрадзействы, якія Ты нам учыніў і чыніш. Прыняўшы гэтую ахвяру, Ты, Божа наш, ачысці нас ад усякае нечыстаты цялеснай і духоўнай і навучы, як асягнуць асвячэнне ў страху Тваім, каб нам з чыстым сведчаннем нашага сумлення прыняць частку святыняў Тваіх і з’яднацца з Целам і Крывёю Хрыста Твайго; і, прыняўшы іх дастойна, мець Хрыста ў сэрцах нашых і быць жыллём Святога Твайго Духа. Так, Божа наш, не дай ніводнаму з нас несці адказнасць за гэтыя Твае страшныя нябесныя Тайны, або занядужаць целам і душою за тое, што мы іх недастойна прынялі; але дай нам да самага скону дастойна прымаць частку святасцяў Тваіх на дарогу да жыцця вечнага і для добрага адказу на страшным судзе Хрыста Твайго. Хай і мы, разам з усімі святымі, якія ад веку Табе дагадзілі, будзем удзельнікамі вечных Тваіх дабротаў, якія Ты прыгатаваў тым, што любяць Цябе.

Уголас: І палічы нас вартымі, Валадару, з адвагаю, без асуджэння асмеліцца заклікаць Цябе, нябеснага Бога Айца, і прамаўляць:

Хор/народ: Ойча наш,/ Які на нябёсах,/ няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё,/ няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі./ Хлеб наш надзённы дай нам сёння;/ і даруй нам правіны нашы, як і мы даруем вінаватым нам;/ і не ўвядзі нас у спакусу,/ але збаў нас ад злога.

Святар: Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава – Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Святар: Мір усім.

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Галовы вашы перад Госпадам схіліце.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва са схіленымі галовамі

Святар: Валадару Госпадзе, Ойча дабротаў і Божа ўсякага суцяшэння, добраславі тых, што схілілі галовы свае перад Табою, асвяці, захавай, умацуй і падтрымай іх, адвядзі ад усякага благога намеру і далучы да ўсякай добрай справы; і дай ім без асуджэння прыняць гэтыя ўсячыстыя і жыватворчыя Тайны для адпушчэння грахоў і супольнасці Духа Святога.

Уголас: Ласкаю і шчодрасцямі, і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з Якім Ты дабраславёны з усесвятым, і добрым, і жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Святар: Госпадзе Ісусе Хрысце, Божа наш, са святога жытла Свайго і з пасаду славы Царства Твайго і прыйдзі асвяціць нас, Ты, Які сядзіш з Айцом на вышынях і з намі нябачна тут прысутнічаеш. І зрабі нас вартымі, каб Ты Сваёй уладнай рукой даў нам Сваё ўсячыстае Цела і пачэсную Кроў, а праз нас усім людзям.

У міжчасе дыякан апяразваецца накрыж арарам. Калі святар скончыць малітву, ён і дыякан робяць тры паклоны, кажучы ціха за кожным разам:

Божа, ачысці мяне, грэшнага, і змілуйся нада мною.

Дыякан: Увага!

Святар: Святое – святым!

Хор: Толькі адзіны святы, толькі Госпад Іісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амін.

Прычаснік

Хор: Хваліце Госпада з нябёс, хваліце Яго на вышынях. Алілуія (3).

У дні памяці святых:

У вечнай памяці будзе праведнік, нядобрай славы не ўстрашыцца. Алілуія (3).

Прычашчэнне святароў

Далей дыякан уваходзіць праз паўднёвыя дзверы ў святы алтар. Стоячы справа ад святара, ён звяртаецца да яго, кажучы:

Падзялі, валадару, святы Хлеб.

Святар, дзелячы яго на чатыры часткі, кажа:

Ягня Божае дзеліцца і раздаецца; дзеліцца, але не раздзяляецца, заўжды есца і ніколі не з’ядаемае,  але асвячае тых, хто прычашчаецца. 

Дыякан, паказваючы на святы Келіх, кажа:

Напоўні, валадару, святы Келіх.

А святар, беручы кавалак Ягняці з надпісам “ІС”, робіць знак крыжа над святым Келіхам, кажучы:

Паўната Духа Святога.

І потым змяшчае кавалачак “ІС” у святы Келіх.

Дыякан: Амін.

Дыякан, перадаючы святару цеплыню, кажа яму:

Дабраславі, валадару, цеплыню.

Святар дабраслаўляе, кажучы:

Дабраславёная цеплыня святых тваіх заўжды, цяпер і заўсёды і на векі вечныя.

Дыякан: Амін.

І дыякан вылівае з цеплыні, колькі трэба, у святы Келіх, кажучы:

Цеплыня Духа Святога. Амін.

Звычайна святар і дыякан прамаўляюць наступныя малітвы святога Прычасця: 

Веру, Госпадзе, і вызнаю, што Ты сапраўды Хрыстос, Сын Бога Жывога, што Ты прыйшоў у свет грэшных збавіць, з якіх першы – я. Яшчэ веру, што гэта ўсячыстае Цела Тваё і гэта – пачэсная Кроў Твая. Таму малюся Табе: памілуй мяне і прабач мне правіны мае, вольныя і міжвольныя, у словах, у справах, свядомыя і несвядомыя; і зрабі мяне вартым без асуджэння прычасціцца усячыстых Тваіх таемстваў, дзеля адпушчэння грахоў і дзеля жыцця вечнага. Амін.

Вось я набліжаюся да Боскага прычасця.

О, Творца, не спалі мяне, калі я прымаю яго, Бо ты Агонь, які пажырае нягодных,

Але ачысці мяне ад усялякай плямы.

У вячэры Тваёй таемнай, Сыне Божы, сёння ўдзельнічаць мне дазволь, бо ворагам Тваім я не выдам тайны і не дам Табе пацалунка, як Юда, але, як разбойнік, вызнаю Цябе: успомні мяне, Госпадзе, у Царстве Тваім. Няхай не на суд і не на асуджэнне будзе мне прычасце Святых Тваіх Таемстваў, Госпадзе, а на ацаленне душы і цела. Амін. 

Трымці, чалавек, бачачы Боскую кроў,

Гэта палаючы вугаль, які ссушае нягодных,

Божае Цела абожвае і жывіць мяне; 

Яно абожвае дух і цудоўна сілкуе розум.

 

Святар рыхтуецца прыняць святые таемствы:

Вось, падыходжу да Хрыста, несмяротнага Цара і Бога нашага. Падаю сабе, (імя), нягоднаму прасвітару пачэснае і ўсесвятое Цела Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыса дзеля адпушчэння грахоў і дзеля жыцця вечнага.

І прычашчаецца святога Хлеба са страхам і трымценнем. Потым гаворыць дыякану: Дыякане, падыйдзі.

І падыходзіць дыякан да святара злева і падае адкрытую далонь, кажучы:

Вось, падыходжу да Хрыста, несмяротнага Цара і Бога нашага. Падай мне, валадару, (імя) нягоднаму дыякану пачэснае і ўсесвятое Цела Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў і дзеля жыцця вечнага.

І святар дае яму ў правую далонь другую часцінку святога Хлеба, кажучы:

Падаю табе (імя), шаноўнаму дыякану, пачэснае і ўсесвятое Цела Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў і дзеля жыцця вечнага.

І дыякан прычашчаецца.

Тады святар бярэ святы келіх і кажа: Вось, падаю сабе, (імя), нягоднаму прасвітару, пачэснае і ўсесвятое Цела Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў і дзеля жыцця вечнага.

І прычашчаецца, кажучы:

Вось, датыкнуўся да вуснаў маіх, і адыме Госпад усе беззаконні мае і грахі мае ачысціць.

І заклікае святар дыякана, кажучы:

Дыякане, падыйдзі.

Дыякан падыходзіць да святара і становіцца леваруч, кажучы:
Вось, падыходжу, падай мне, валадару, (імя) нягоднаму дыякану, пачэсную і ўсесвятую і жыватворную кроў Госпада і Бога, і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста дзела адпушчэння табе грахоў і дзеля жыцця вечнага.

І святар поіць яго са святога келіха, кажучы:

Вось, падаю табе (імя), шаноўнаму дыякану, пачэсную і ўсесвятую і жыватворную кроў Госпада і Бога, і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста дзела адпушчэння табе грахоў і дзеля жыцця вечнага.

Тады дыякан датыкаецца вуснамі да святога келіха і падтрымлівае яго ў руках святара, і прычашчаецца:

Вось, датыкнуўся да вуснаў тваіх, і адыме Госпад усе беззаконні твае і грахі твае ачысціць.

Потым дыякан бярэ ў рукі дыскас і асцярожна змяшчае святое Цела ў святы Келіх з увагай і пашанай. 

Прычасце вернікаў

Пасля прычашчэння святароў, царская брама адкрываецца, святар і дыякан выходзяць з алтара, дыякан трымае ў руках Святы Келіх і заклікае:

Дыякан: Са страхам Божым і вераю прыступіце.

Хор: Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе, Бог ёсць Госпад, і Ён з’явіўся нам.

Тыя, хто падрыхтаваўся да Прычасця, склаўшы крыжападобна рукі, прыступаюць да Святых Тайн і вызнаюць сваю веру ў наступнай малітве:

Святар: Веру, Госпадзе, і вызнаю, што Ты сапраўды Хрыстос, Сын Бога Жывога, што Ты прыйшоў у свет грэшных збавіць, з якіх першы – я. Яшчэ веру, што гэта ўсячыстае Цела Тваё і гэта – пачэсная Кроў Твая. Таму малюся Табе: памілуй мяне і прабач мне правіны мае, вольныя і міжвольныя, у словах, у справах, свядомыя і несвядомыя; і зрабі мяне вартым без асуджэння прычасціцца Усячыстых Тваіх Таемстваў, дзеля адпушчэння грахоў і дзеля жыцця вечнага. Амін.

У вячэры Тваёй таемнай, Сыне Божы, сёння паўдзельнічаць мне дазволь, бо ворагам Тваім я не выдам тайны і не дам Табе пацалунка як Юда, але, як разбойнік, вызнаю Цябе: успомні мяне, Госпадзе, у Царстве Тваім. Няхай не на суд і не ў асуджэнне будзе мне прычасце Святых Тваіх Таемстваў, Госпадзе, а на ацаленне душы і цела. Амін.

Пад час прычашчэння веруючых хор спявае:

Цела Хрыстова прыміце, з Крыніцы несмяротнай спажывіце. Алілуя, алілуя, алілуя

Святар бярэ ад дыякана чашу і прычашчае верных, кажучы за кожным разам: Слуга Божы (Божая) … (імя) прымае святое Цела і пачэсную Кроў Госпада, і Бога, і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў і жыцця вечнага.

Пасля прычасця

Пасля таго, як святыя часцінкі падрыхтаваныя, гаворыць:

Уваскрэсенне Хрыстова ўбачыўшы, / паклонімся Святому Госпаду Ісусу, / адзінаму бязгрэшнаму. / Крыжу Твайму, пакланяемся, Хрысце, / і святое Тваё Уваскрэсенне апяваем і праслаўляем, / бо Ты Бог наш, / акрамя Цябе й ня знаем, / імя Тваё клічам. / Прыйдзіце ўсе верныя, / паклонімся святому Уваскрэсенню Хрыста. / Бо праз Крыж прыйшла радасць усяму свету. / Заўжды дабраслаўляючы Госпада, / апяваем Уваскрэсенне Яго: / бо дзеля нас Крыж перацярпеў, / смерцю знішчыў смерць.

Свяціся, свяціся, Новы Ерусаліме, бо ласка Гасподняя цябе азарыла! Святкуй сёння і весяліся, Сіёне! Ты ж, чыстая, красуй, Багародзіца, дзеля уваскрэсення Народжанага Табой!

О, боскі, любы, салодкі Твой голас!  Бо Ты не маніў, Хрысце, абяцаўшы быць з намі давеку, таму мы, вернікі, як за якар, трымаючыся за Цябе, радуемся.

О Пасха, вялікая і найсвяцейшая, Хрысце! О мудрасць, і Слова Божае і сіла! Дай нам далучацца да Цябе больш дасканала ў нязмрочным дні Царства Твайго!

І выцірае дыскас старанна святою губкай з увагай і глыбокай павагай прамаўляючы наступныя словы:

Адмый, Госпадзе, грахі тых, што тут паміналіся каштоўнай Тваёю Крывёю, па хадайніцтве святых Тваіх.

Святар: Збаў, Божа, народ Твой і добраславі ўдзел Свой.

Хор: Мы ўбачылі святло ісціннае, прынялі Духа Нябеснага, знайшлі веру ісцінную, Нераздзельнай Троіцы пакланяемся, бо Яна збавіла нас.

Святар: Дабраславёны Бог наш.

Заўжды, цяпер і заўжды, і на векі вечныя.

Хор: Амін. Няхай напоўняцца вусны нашы хваленнем Цябе, Госпадзе, каб мы апявалі славу Тваю, бо Ты зрабіў нас вартымі прычасціцца Святых Тваіх боскіх, несмяротных і жыватворчых таемстваў. Захавай нас у Тваім асвячэнні, штодзень навучацца праўдзе Тваёй. Алілуя, алілуя, алілуя.

Екцяння падзякі за прычашчэнне

Дыякан: Станьце роўна. Прыняўшы боскія, святыя, усячыстыя, несмяротныя, нябесныя і жыватворчыя, страшныя Хрыстовы таемствы, належна падзякуем Госпаду.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Абарані, збаў, памілуй і захіні нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Папрасіўшы, каб дзень гэты быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддамо.

Хор: Табе, Госпадзе.

Малітва падзякі

Святар (ціха): Дзякуем Табе, Госпадзе Божа наш, за атрыманыя святыя Твае чыстыя, несмяротныя і нябесныя таемствы, якія Ты нам даў дзеля нашага дабра і для асвячэння і ацалення душ і целаў нашых. Дай, Валадару ўсіх, каб прыняцце святога Цела і Крыві Хрыста Твайго было нам для веры беззаганнай, для любові шчырай, для памнажэння мудрасці і аздараўлення душы і цела, для адпору ўсякаму супраціўніку, для захавання Тваіх запаветаў, для добрага адказу на страшным судзе Хрыста Твайго.

Уголас: Бо Ты асвячэнне наша, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Святар: З мірам выйдзем.

Хор: У імя Гасподняе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзе, памілуй.

Заамвонная малітва

Святар: Ты дабраслаўляеш тых, хто дабраслаўляе Цябе, Госпадзе, і асвячаеш тых, хто спадзяецца на Цябе! Збаў народ Свой і дабраславі ўдзел Свой; паўнату Царквы Тваёй захавай; асвяці тых, хто любіць красу дома Твайго; праслаў іх за гэта Тваёй боскай сілай і не пакінь нас, якія спадзяёмся на Цябе. Мір свету Твайму дай, цэрквам Тваім, святарам, войску і ўсім людзям Тваім. Бо ўсякі добры і дасканалы дар даецца звыш і сыходзіць ад Цябе, Айца свяцілаў, і Табе славу, падзяку і пакланенне ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Заключная малітва

Святар (ціха): Здзейснілася і споўнілася, наколькі гэта было ў нашай моцы, тайна провіду Твайго, Хрысце Божа наш: мы прыгадалі Тваю смерць, мы бачылі вобраз Твайго ўваскрэсення, мы напоўніліся жыццём Тваім бясконцым, пажывіліся ў асалоду Тваёй невычэрпнаю страваю: просім Цябе, зрабі нас вартымі яе ў будучым жыцці, ласкаю спрадвечнага Твайго Айца, і святога, і добрага, і жыватворчага Твайго Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Хор: Амін. Няхай будзе імя Гасподняе дабраславёным цяпер і давеку (тройчы).

Дабраславенне Госпада на вас Яго ласкаю і чалавекалюбствам заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя.

Хор: Амін.

Святар: Слава Табе, Хрысце Божа, надзея наша, слава Табе.

Хор: Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя. Амін. Госпадзе памілуй (тройчы). Дабраславі.

Адпуст

Святар: [Уваскрэслы з мёртвых] Хрыстос, ісцінны Бог наш, малітвамі ўсячыстай Сваёй Маці, святых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, святога айца нашага Васіля Вялікага, архіепіскапа Кесарыі Кападакійскай, і святога (храма і святога, памяць якога ў гэты дзень), святых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх святых, няхай памілуе і спасе нас, бо Ён Добры і Чалавекалюбны.

Хор: Вялікага [Вялікага Спадара нашага Найсвяцейшага ____________ Патрыярха [імя], і] Спадара нашага Найвялебнейшага Мітрапаліта [імя] (Вялебнейшага Архіепіскапа [імя], Вялебнага Епіскапа [імя]), настаяцеля, братоў і парафіян святога гэтага храма і ўсіх праваслаўных хрысціян, Госпадзе, захавай іх на доўгія гады.

 

Author: Natali

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *