Святар: Добраславёны Бог наш, цяпер заўсёды, на векі вякоў.
Хор: Амін.
Святар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў (тры разы).
Хор: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў (тры разы).
Святар кадзіць і вітае людзей ХРЫСТОС УВАСКРОС!
Людзі адказваюць: САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!
Гэта паўтараецца шматразоў падчас усёй службы.
- Прадстаяцель (святар) прамаўляе вершы:
Верш 1: Хай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі яго, хай бягуць ад Аблічча Яго ўсе ненавіснікі Яго.
Хор: (1 раз) Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў.
Святар, верш 2: Як знікае дым, хай знікнуць, / як тае воск ад агню.
Хор: (1 раз) Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў.
Святар, верш 3: Дык хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узвесяляцца, узрадуюцца перад Богам.
Хор: (1 раз) Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў.
Святар, верш 4: Гэта дзень, які стварыў Госпад, узрадуемся і ўзвесялімся ў ім.
Хор: (1 раз) Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў.
Святар: Слава Айцу і Сыну і Святому Духу.
Хор: (1 раз) Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў.
Святар: І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў, амін.
Хор: (1 раз) Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў.
Святар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў…
Хор: І тым, хто ў магілах, жыццё дараваў.
- Вялікая (мірная) екцення
Святар: У міры Госпаду памолімся.
Хор [на кожнае прашэнне]: Госпадзе, памілуй.
За мір з вышы́нь і збаўленне душ нашых Госпаду памолімся
За мір па ўсім свеце, добры стан святых Божых Цэркваў і з’ядна́нне ўсіх Госпаду памолімся.
За святы храм гэты і за тых, што з вераю, пашанай і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.
За Вялебнага Спадара нашага Мітрапаліта [імя], за шаноўных прасвітараў, дыяканаў, увесь клір і народ Госпаду памолімся.
За Богам сцеражоную краіну нашу, пабожны народ, усё кіраўніцтва, улады і войска Госпаду памолімся.
За горад гэты (вёску гэтую), усе гарады і краіны і за тых, што з вераю жывуць у іх, Госпаду памолімся.
За спрыяльнае надвор’е, за багаты ўраджай пладоў зямных і часы́ мірныя Госпаду памолімся.
За падарожных на моры, зямлі і паветры; хворых; тых, што пакутуюць; зняволеных і за выбаўленне іх Госпаду памолімся.
Каб пазба́віцца нам ад усякага гора, пакут, нядолі і няста́чы, Госпаду памолімся.
Заступіся, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Прасвятую, Усячыстую, Найдабраславёную Уладарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддамо.
Хор: Табе, Госпадзе.
Святар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Хор: Амін.
- Госпадзе, Цябе клічу (Тон 2):
Псалом 140
Хор: Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне.
Пачуй мяне, Госпадзе!
Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; будзь уважлівы да голасу малення майго, калі я клічу Цябе.
Пачуй мяне, Госпадзе.
Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманне рук маіх.
Пачуй мяне, Госпадзе.
Наступныя вершы, аж да “Вызваль з вязніцы”, звычайна чытаюцца або зусім прапускаюцца:
Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім і сцеражы дзверы губ маіх.
Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.
З людзьмі, якія робяць бясчынствы: хай не пакаштую прысмакаў іх.
Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: алей грэшнікаў не намасціць галавы маёй.
Супраць злосці іх я буду ўвесь час маліцца. Уладары іх, рассеяныя між скалаў,
Пачуюць, як лагодныя словы мае. Быццам разараная зямля, так косці іх раскіданыя па апраметнай.
Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, павернутыя вочы мае; да Цябе звяртаюся: не загубі душы маёй.
сцеражы мяне ад сетак, што на мяне паставілі, ад пасткі людзей нягодных.
Хай усе бязбожныя ўпадуць у сеткі свае, я ж адзін перайду бяспечна.
Псалом 141
Голасна клічу Госпада, голасна да Госпада малюся.
Перад Ім сум мой выліваю, пра тугу маю Яму апавядаю:
Дух мой знемагае ўва мне, Ты ж ведаеш шляхі мае.
На дарозе, па якой іду, паставілі пастку на мяне.
Гляджу ўправа, углядаюся: няма нікога, хто б мне спагадаў;
Ня маю куды ўцякаць: няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.
Цябе, Госпадзе, клічу, кажу: Ты мая надзея, мая доля ў краіне жывых.
Будзь уважлівы да малітвы маёй, бо я вельмі няшчасны.
Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, бо яны мацнейшыя за мяне.
(Пс 141) Вызвалі з вязніцы душу маю, каб мне дзякаваць імені Твайму.
Праведнікі вакол мяне чакаюць, калі Ты мне пакажаш спагадлівасць Тваю.
(Пс 129) З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: Госпадзе, пачуй голас мой.
Хай вушы Твае будуць уважлівымі да голасу малення майго.
Верш: Калі памятлівы на бясчынствы нашы будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэнне ёсць.
Хор: Прыйдзіце, паклонімся Божаму Слову, народжанаму спрадвеку ад Айца і ад Дзевы цела прыняўшаму. Ён, пацярпеўшы на крыжы і аддаўшы сябе на пахаванне, як захацеў, уваскрос з мёртвых і збавіў мяне, аблуднага чалавека.
Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.
Хор: Хрыстос, Спас наш, адмяніў прысуд на нас, прыбіўшы яго да крыжа, і знішчыў смерці ўладу. Пакланяемся Ягонаму трохдзённаму ўваскрасенню.
Больш, чым світання чакае варта начная; больш, чым світання, няхай Ізраіль чакае Госпада.
Хор: З арханёламі ўславім уваскрасенне Хрыстова, бо Ён Збаўца і Ратавальнік душаў нашых, і ў славе страшнай і вялікай сіле зноў прыйдзе судзіць свет, які Ён стварыў.
Бо ў Госпада міласэрнасць і вялікае ў Яго збаўленне, і Ён вызваліць Ізраіль ад усіх беззаконняў яго.
Хор: Цябе, распятага і пахаванага, анёл назваў Уладаром і жанчынам сказаў: “Хадзеце, гляньце, дзе Госпад ляжаў, бо Ён, усемагутны, уваскрос, як прадказаў”. Дзеля гэтага пакланяемся Табе, адзінаму несьмяротнаму. Жыццядаўча Хрысце, памілуй нас.
(Пс 116) Хваліце Госпада, усе народы; слаўце Яго, усе людзі.
Хор: Крыжом Тваім Ты адмяніў / праклён райскага дрэва, / і Тваім пахаваннем Ты знішчыў ўладу смерці, / і ўваскрасеннем Тваім Ты прасвятліў род людскі. / Дзеля гэтага ўсклікаем Табе: // “Дабрачынца Хрысце Божа наш, слава Табе!”
Бо міласэрнасць Ягоная ўмацавалася над намі і вернасць Гасподняя трывае давеку.
Хор: Адчыніліся перад Табою, Госпадзе, са страхам брамы смерці, і вартаўнікі пекла, убачыўшы Цябе, спалохаліся, бо Ты разбурыў медныя брамы і зламаў жалезныя замкі і, разьбіўшы нашыя кайданы, вывеў нас з цемры і ценю смерці.
Слава Айцу, і Сыну, і святому Духу.
Хор: З песняй вызвалення на вуснах / пойдзем усе да дому Гасподняга / і паклонімся там, кажучы: / “Госпадзе, што быў распяты і з мёртвых уваскрос / і знаходзішся ва ўлонні Айца, // ачысці грахі нашыя!”
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Хор: (дагматык) Цень Закону мінуў / калі прыйшла ласка: / як некалі куст, ахоплены агнём, не згараў, / так і Ты, Дзева, пасля родаў дзеваю засталася; / замест слупа вогненнага заззяла праведнае Сонца; / замест Майсея – Хрыстос, // Збаўца душаў нашых.
Падчас спявання “Цяпер …”, святар і дыякан з Евангеллем робяць уваход; стаўшы перад райскімі дзвярыма, дыякан кажа ціха:
Дыякан: Госпаду памолімся.
Святар (ціха): Увечары, раніцай і апоўдні хвалім і добраслаўляем Цябе, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх: накіруй малітву нашу, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але збаў нас ад усіх, што жадаюць улавіць душы нашы; бо вочы нашы, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе – каб не былі мы пасаромленыя.
Бо Табе належыць усякая слава, пашана і пакланенне, Айцу, і Сыну, і святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Дыякан: Добраславі, ойча, святы ўваход.
Святар (добраслаўляе ўваход): Добраславёны ўваход святых Тваіх на ўсе часы, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Як толькі скончыцца спеў, дыякан кажа ўголас:
Дыякан: Мудрасць, устаньце!
- Яснае Святло
Хор: Яснае Святло святое Славы несмяротнага Айца Нябеснага, Святога і Шчаснага, Ісусе Хрысце! Прыйшлі мы на захад сонца, убачылі святло вячэрняе. Пяём Айцу і Сыну, і Святому Духу, Богу, бо варты Ты ва ўсе часы быць апетым спевамі абраных. Ты, Сын Божы, святло даеш, таму і свет цябе ўслаўляе.
Дыякан: Будзьма ўважлівымі.
Святар: Мір усім.
Хор: I духу твайму.
Дыякан: Мудрасць. Слухайма ўважліва.
- Дыякан прамаўляе ВЯЛІКІ ПРАКІМЕН (Пс.76:14,15,11,12):
Які бог такі вялікі, як Бог наш? / Ты Бог, Які творыць цуды
Хор (паўтарае): Які бог такі вялікі, як Бог наш? / Ты Бог, Які творыць цуды
Дыякан, верш 1: Ты вызваліў народ Твой.
Хор: Які бог такі вялікі, як Бог наш? / Ты Бог, Які творыць цуды.
Дыякан, верш 2: І сказаў я: вось гора маё – перамена правіцы Ўсявышняга!
Хор: Які бог такі вялікі, як Бог наш? / Ты Бог, Які творыць цуды.
Дыякан, верш 3: Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! Буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае!
Дыякан: Які бог такі вялікі, як Бог наш? /
(Хор:) Ты Бог, Які творыць цуды.
- Чытанне Евангелля
Дыякан: I каб нам быць дастойнымі слухаць святое Евангелле, Госпада Бога молім.
Хор: Госпадзе, памілуй (тройчы)
Святар: Мудрасць, устаньце, выслухаем святое Евангелле. Мір усім.
Хор: I духу твайму.
Святар: Чытанне святога Евангельля паводле Яна.
Хор: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Будзем уважлівымі:
Святар (Ян 20, 19 – 25): Вечарам таго самага першага дня тыдня, калі дзверы дома, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя дзеля страху перад габрэямі, прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: “Мір вам”. Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі свае і бок. I ўсцешыліся вучні, убачыўшы Госпада. А Ісус сказаў ім зноў: “Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец, так Я пасылаю вас”. Сказаўшы гэта, дыхнуў на іх, кажучы: “Прыміце Духа святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя, а каму затрымаеце, на тым застануцца”. Тамаш, адзін з дванаццацёх, званы Блізнюк, ня быў з імі, калі прыйшоў Ісус. Іншыя вучні сказалі яму: “Мы бачылі Госпада”. Але ён адказаў ім: “Калі не пабачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўкладу рукі маёй у Ягоны бок, не паверу”.
Хор: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
- Узмоцненная екцення:
Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяго разуме́ння нашага скажам.
Хор: Госпадзе, памілуй.
Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, выслухай і памілуй.
Хор: Госпадзе, памілуй.
Дыякан: Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй молімся Табе, вы́слухай і памілуй.
Хор: Госпадзе, памілуй; Госпадзе, памілуй; Госпадзе, памілуй. (Так пасля наступных прашэнняў)
Дыякан: Яшчэ молімся за Вялебнага (мітрапаліта/епіскапа…) [імя]… і ўсіх у Хрысце братоў і сёстраў нашых.
– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, хто сцеражэ цэласць і спакой гэтай краіны, каб нам весці жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю.
– Яшчэ молімся за Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас.
– Яшчэ молімся за братоў нашых святароў, дыяканаў і манахаў і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысце.
– Яшчэ молімся за вартых памяці заснавальнікаў гэтай святой царквы і за ўсіх айцоў і братоў нашых, што раней адышлі, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.
– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай святой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і спяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе вялікае і багатае міласці.
Хор: Госпадзе, памілуй; Госпадзе, памілуй; Госпадзе, памілуй.
Святар: Бо Ты літасцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім, Айцу, і Сыну, і святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Хор: Амін.
- Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху
Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху.
Добраславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхваленае і праслаўленае давеку. Амін.
Хай ласка Твая, Госпадзе, спачне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Добраславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваім запаветам.
Добраславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.
Добраславёны Ты, святы, прасвятлі мяне запаветамі Тваімі.
Міласэрнасць Твая, Госпадзе, трывае вечна: не пагарджай творамі рук Тваіх.
Цябе належыць усхваляць, Цябе належыць апяваць, Табе слава належыць, Айцу, і Сыну, і святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амін.
- Прасіцельная екцення
Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду.
Хор: Госпадзе, памілуй.
Дыякан: Заступіся, памілуй, збаў і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Хор: Госпадзе, памілуй.
Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.
Хор: Падай, Госпадзе. (Так пасля наступных прашэнняў)
Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.
– Прабачэння і адпушчэння грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.
– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для свету ў Госпада просім.
– Каб далейшае жыццё наша ў супакоі і пакаянні правесці, у Госпада просім.
– Хрысціянскага канца жыцця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага, і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.
Хор: Падай, Госпадзе.
Дыякан: Успомніўшы найсвятую, усячыстую, найдабраславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх святых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддамо.
Хор: Табе, Госпадзе.
Святар: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім, Айцу, і Сыну, і святому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Хор: Амін.
Святар: Мір усім! (Добраслаўляе людзей)
Хор: I твайму духу.
Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.
Хор: Табе, Госпадзе.
Святар (ціха): Госпадзе, Божа наш, які прыхіліў Нябёсы і сышоў для выратавання роду чалавечага, паглядзі на Тваіх дзяцей і на Тваю спадчыну, бо перад Табой, вялікім і чалавекалюбным Суддзёй, Твае дзеці схілілі галовы і Табе пакарыліся, не ад чалавека дапамогі чакаючы, але ад Цябе чакаючы ласкі і спадзеўнага ратунку. Ахавай жа іх ва ўсякі час пасля гэтага вечара і ў надыходзячую ноч ад усялякага ворага, ад супярэчных дзеянняў д’ябла, і ад марных задумаў і цяжкіх успамінаў.
(Уголас): Няхай будзе ўлада Тваго валадарства дабраславёная і праслаўленая, Айца, і Сына, і святога Духа цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Хор: Амін.
- Сціхіры (тон 2):
Уваскрасеннем Тваім, Хрысце, / Ты прасвятліў увесь сусвет / і паклікаў да сябе ўсё стварэнне. // Госпадзе ўсёмагутны, слава Табе!
+СЦІХІРЫ ПАСХІ
Верш: Хай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі Яго!
Сціхіра: Пасха святая нам сёння явілася, Пасха новая, святая, Пасха таемная, Пасха найшаноўнейшая, Пасха Хрыстос Вызваліцель, Пасха беззаганная, Пасха вялікая, Пасха верных, Пасха нам брамы Рая адмыкае, Пасха асвячае ўсіх вернікаў.
Верш: Як знікае дым, хай знікнуць!
Сціхіра: Хадземце, прыняўшы дабравесце ад сведак-жанчын, скажам Сіёну: прымі ад нас радасць дабравешчання аб Уваскрасенні Хрыста, весяліся, танцуй і радуйся, Ерусалім, убачыўшы Цара-Хрыста, Які выходзіць з магілы як Жаніх!
Верш: Дык хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узвесяляцца, узрадуюцца перад Богам!
Сціхіра: Жанчыны-міраносіцы ўсталі дасвету да магілы Жыццядаўцы і знайшлі Анёла, які быў на камені, і ён, звярнуўшыся да іх, абвесціў: чаму шукаеце жывога сярод мёртвых? Чаму аплакваеце несмяротнага як загінуўшага? Ідзіце, данясіце дабравесце вучням Яго!
Верш: Гэта дзень, які стварыў Госпад, узрадуемся і ўзвесялімся ў ім.
Сціхіра: Пасха смачная, Пасха, Гасподняя Пасха, Пасха найшаноўнейшая нам заззяла, Пасха! У радасці абдымемся! Пасха – збаўленне ад смутку, бо сёння з магілы, як з вясельнага палаца, нам заззяў Хрыстос, напоўніў жанчын радасцю, кажучы: давядзіце яе да апосталаў.
Слава Айцу і Сыну і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў, амін.
Уваскрасення дзень! І заззяем святам, і абдымем адзін аднаго, кажучы: “Браты і сёстры”! І тых, хто нас ненавідзіць, прабачым дзеля уваскрасення, і ўсклікнем так:
Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў!
+ x3: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў!
Святар: Мудрасць.
Хор: Ойча, добраславі.
Святар: Добраславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Хор: Амін. Умацуй, Божа, святую хрысціянскую веру і ўсіх прававерных хрысціян на векі вякоў.
Святар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў.
Хор: I тым, што ў магілах, жыццё дараваў.
Святар робіць адпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ўваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў, малітвамі ўсячыстае свае Маці і ўсіх святых, хай памілуе і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбны.
Тады кажа ўголас: Хрыстос уваскрос!
Людзі адказваюць: Сапраўды ўваскрос!
Гэта паўтараецца тройчы. Пасля:
Хор (спявае): Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў. (Тройчы)
I нам дараваў жыццё вечнае: пакланяемся Ягонаму трохдзённаму ўваскрасенню.
Усё!