Айцец усіх людзей, Магутны Божа і Творца! Ты не пакінуў свет без клопату, але з любові паслаў Сына Свайго, каб адкрыць нам шлях у Тваё Царства і вызваліць ад улады граху, зла, пекла і смерці!
Ты пасылаеш Духа Твайго, каб асвяціць свет, каб сэрцы павярнуліся да Цябе, вочы бачылі праўду, вушы чулі голас сумлення, вусны дабравесцілі, рукі рабілі дабро і ногі хадзілі шляхам справядлівасці.
Ты стварыў Царкву, каб людзі працягвалі ў свеце справу Царства Твайго – справу міру і справядлівасці, справу дзейснай любові, якая ацаляе раны; справу непахіснай надзеі, якая ўмацоўвае дух.
Дабравесце Тваё, Госпадзе, – дабравесце міру, неаддзельнага ад справядлівасці, праўды, свабоды і любові.
Каб запанаваў мір, патрэбна наша судзеянне Табе, умацуй нас у гэтай місіі ласкаю Тваёю.
Твой подых, Госпадзе, – подых свабоды; Ты стаіш на баку прыгнечаных, а не прыгнятальнікаў.
Вызвалі нас ад ґвалту і прыгнёту і ня дай нам ужываць свабоду дзеля злога і для зьняволення іншых.
Ты, Госпадзе, любіш тых, хто чыніць справядлівасць! Дай нам сумленне і розум, адрозніць дабро ад зла, праўду ад няпраўды, і ўмацуй у жаданні змагацца за справядлівасць.
Молімся за кожнага, хто прайшоў праз ґвалт, зняволенне, прыніжэнне, пераслед і катаванні, Госпадзе, ацалі іх, умацуй іх, дай ім сілы пераадолець страх, пашлі ім падтрымку і дапамогу.
Молімся таксама за тых, хто чыніць зло і несправядлівасць; Госпадзе, ацалі іх сэрцы ад жорсткасці і нячуласці і прывядзі да пакаяння.
Молімся Табе, Госпадзе, за беларускія цэрквы, каб яны ўсведамлялі сваю місію і ў еднасці, салідарнасці і ахвярнасці шукалі праўды Тваёй, выконвалі волю Тваю і былі супрацоўнікамі Царства Твайго – Айца, Сына і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і навекі вякоў. Амінь.